Максім Тарасаў: Беларусы мусяць адмовіцца ад пластыкавых упаковак
За апошнія 2 гады ў Беларусі ўтварылася каля 280 тон адкідаў пластмас. Мінпрыроды плануе зменшыць гэтыя лічбы праз стымуляванне вытворцаў і спажыўцоў да адмовы ад пластыку.
Кажа начальнік упраўлення Мінпрыроды па рэгуляванні абыходжання з адкідамі Максім Тарасаў:
– Калі кожны з нас будзе старацца мінімізаваць колькасць пластыкавых пакетаў, якія ён набывае ў гандлі, і заменіць іх на шматразовыя сумкі, адмовіцца ад набывання кавы на вынас у пластыку, будзе сартаваць адкіды і будзе размяшчаць іх у спецыяльна ўсталяваных для гэтай мэты месцах, то сумеснымі намаганнямі мы шмат чаго даможамся. Знізім негатыўнае ўздзеянне палімернай упакоўкі на навакольнае асяроддзе.
Прадстаўнік ведамства адзначыў, што ўжо з 1 студзеня ў Беларусі ўведзена забарона на выкарыстанне пластыкавага посуду ва ўстановах грамадскага харчавання. Выключэнне зроблена для ўпакоўкі паўфабрыкатаў і кандытарскіх вырабаў.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя