Максім Жукаў: Савецкі падыход да назваў вуліц не мяняецца
У Віцебску будуецца новы мікрараён пад назвай “Чаромушкі” – так яшчэ ў 1960-я гады было прынята называць раёны новабудоўляў на ўзор маскоўскіх “Чаромушкаў”, мікрараёна, узведзенага на месцы аднайменнай вёскі. Віцебскія ўлады прапанавалі назваць тры новыя вуліцы гэтага мікрараёна ў гонар Першага сакратара Віцебскага гаркама КПБ Валянціна Міхельсона і Героя Савецкага Саюза, удзельніка мінулай вайны Грыгорыя Багамазава, а таксама ў гонар дзяржаўнай гарадской газеты “Віцьбічы”. Але змянілі сваё меркаванне, зрабіўшы выгляд, што прыслухоўваліся да грамадскай думкі.
Віцебскі гарадскі актывіст Максім Жукаў прапанаваў канцэптуальны адрозны падыход да надання новых назваў. Прыкладам, назваць вуліцы ў памяць пра выбітных мастакоў Эль Лісіцкага, Казіміра Малевіча, Іегуды Пэна або ўшанаваць у назвах вуліц навукоўцаў Жарэса Алфёрава, Аляксея Сапунова, Івана Салярцінскага. Прапанова наконт ушанавання памяці акадэміка, пачэснага грамадзяніна Віцебска Жарэса Алфёрава была прынятая. Але Максім Жукаў не лічыць гэта ўласным дасягненнем:
– Як кажуць, “савецкая большасць” перамагла. Жарэс Алфёраў, па вялікім рахунку, расейскі навуковец, і найбольш значныя адкрыцці ім зроблены ў савецкі час. Ён ніколі не выказваўся, прыкладам, як Васіль Быкаў, наконт нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, і ўвогуле ў Расеі жыў практычна ўсё жыццё.
Яшчэ адну з трох новых вуліц улады вырашылі назваць у гонар пра нараджэнца Аршаншчыны, мастака Міхаіла Савіцкага. Таксама найбольш вядомага творчасцю савецкага часу, падкрэслівае Максім Жукаў. А трэцяя вуліца будзе насіць імя гарадской дзяржаўнай газеты – тут улады свайго меркавання не змянілі. Ініцыятыва надаць новым вуліцам імёны пісьменнікаў Васіля Быкава, Міхася Лынькова і Лазара Лагіна Віцебскі аблвыканкам таксама не прыняў.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск