Максім Знак і Людміла Казак – лаўрэаты прэміі Міжнароднай асацыяцыі юрыстаў
Узнагароджанне прайшло анлайн у рамках Міжнароднай выставы Міжнароднай асацыяцыі юрыстаў (International Bar Association). Член прэзідыуму Каардынацыйнай рады Максім Знак і былая абаронца Марыі Калеснікавай Людміла Казак сталі першымі беларусамі-лаўрэатамі прэміі IBA, паведаміла Каардынацыйная рада.

Словы падзякі ад Максіма перадала яго жонка і адвакат Надзея Знак: «За кожным тыранам у гісторыі стаялі адвакаты, пракуроры і суддзі, якія апраўдвалі яго кіраванне і каралі яго супернікаў за іх неіснуючыя злачынствы. Забываючы пра дух закону, юрысты адчыняюць скрыню Пандоры, якая з часам іх і паглыне. Махлярства з законам заўсёды мае свае наступствы. Я заклікаю ўсіх нас, юрыстаў, прыняць вядомае залатое правіла і заўсёды разглядаць Закон і Справядлівасць як нашу першачарговую мэту, а не як інструмент. Для мяне вялікі гонар атрымаць такую ўзнагароду, і я зраблю ўсё магчымае, каб ёй адпавядаць».

Людміла Казак падчас сваёй прамовы адзначыла важнасць міжнароднага прызнання:
«Ва ўмовах працяглых рэпрэсій і адсутнасці легальных механізмаў абараніць сваіх калегаў нам вельмі важная падтрымка сусветнай юрыдычнай супольнасці. Я падзяляю гэтую ўзнагароду з усімі маімі калегамі, якія, нягледзячы ні на што, баранілі, працягваюць і, я ўпэўнена, працягнуць бараніць беларусаў і адстойваць прынцыпы прафесіі адваката».
