Максім Знак гатовы пачаць галадоўку (абноўлена)
«Калі на працягу бліжэйшых дзён гэтае непаразуменне не вырашыцца і калі майму падабароннаму будзе выстаўленае абвінавачванне, падстаў для якога мы не бачым, Максім Знак мае намер абвясціць галадоўку», – паведаміў парталу TUT.by яго адвакат Дзмітрый Лаеўскі.
Максім Знак і Марыя Калеснікава ўзятыя пад варту як падазраваныя па крымінальнай справе аб спробе захопу ўлады. Яны змешчаныя ў СІЗА №1 па вуліцы Валадарскага ў Менску. Падазраваным па гэтай справе праходзіць і юрыст Ілля Салей, якога таксама затрымалі 9 верасня.
Лаеўскі ўпэўнены, што пераслед яго падабароннага павінны спыніць, а самога Знака – выпусціць з-пад варты.
«Павінен падкрэсліць, што дзейнасць Максіма Знака ў рамках Каардынацыйнай рады і штаба Бабарыка ажыццяўлялася ў якасці адваката ў парадку аказання юрыдычнай дапамогі. Усе яго заявы, звароты, каментары былі публічнымі, празрыстымі, іх змест быў абсалютна законным і не нёс у сабе нейкіх незаконных намераў. Таму ў такіх дзеяннях не можа быць складу злачынства», – заяўляе адвакат.
Беларускае Радыё Рацыя
***
Чалец прэзідыума Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу Максім Знак знаходзіцца ў статусе падазраванага ў рамках справы па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). Пра гэта БелаПАН паведаміў яго адвакат Дзмітрый Лаеўскі.
Паводле слоў адваката, цяпер Знак знаходзіцца ў цэнтральным апараце Следчага камітэта.
Справа па ч. 3 арт. 361 КК была распачатая па факце стварэння Каардынацыйнай рады, сфармаванай з ініцыятывы былога кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.
Па гэтай жа справе ў якасці падазраваных праходзяць член прэзідыума КР Марыя Калеснікава і яе адвакат Ілья Салей.
Калеснікава была затрыманая раніцай 7 верасня. На наступны дзень яе спрабавалі гвалтоўна вывезці ва Украіну, але Марыя разарвала свой пашпарт, што зрабіла немагчымым перасячэнне ёю беларуска-ўкраінскай мяжы. Паводле наяўнай інфармацыі, Калеснікава змешчаная ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.
Максім Знак і Ілья Салей былі затрыманыя раніцай 9 верасня. У іх дома і ў штабе КР прайшлі вобшукі ў межах названай крымінальнай справы. Салей, паводле слоў яго бацькі, знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна.
Каардынацыйная рада запатрабавала ад уладаў неадкладнага вызвалення ўсіх сваіх прадстаўнікоў, а таксама заявіла, што дзейнасць КР будзе працягнутая.
***
Адвакат Дзмітрый Лаеўскі паспеў паведаміць парталу tut.by, што працэсуальныя дзеянні праводзіць Следчы камітэт і вобшук таксама павінен прайсці ў Максіма Знака дома. Зараз Лаеўскі недаступны.
З`явілася інфармацыя, што вобшук таксама праводзіцца ў кватэры, якую здымала член прэзідыума КР Марыя Калеснікава, затрыманая раніцай 7 верасня.
***
Сёння раніцай у штабе Віктара Бабарыкі паведамілі пра затрыманне члена прэзідыума Каардынацыйнай Рады Максіма Знака і размясцілі адпаведнае відэа. На гэтых кадрах бачна, як людзі ў цывільным і ў масках вязуць Максіма Знака ў невядомым кірунку. Паведамляецца, што цяпер з затрыманым працуюць прадстаўнікі Следчага камітэта.
Лідар беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўскі выступіла з заклікам неадкладна вызваліць Максіма Знака і іншых затрыманых. На гэты момант на волі застаецца толькі адзін з сямі чальцоў прэзідыума Каардынацыйнай Рады – гэта Нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч. Астатнія альбо затрыманыя, альбо выдвараны з Беларусі.
***
У МУС Беларусі заявілі, што пакуль не валодаюць звесткамі аб затрыманні апазіцыянера Максіма Знака. Па словах прыхільнікаў, члена Каардынацыйнага савета беларускай апазіцыі сёння забралі з штаба экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі.
Знака адвялі людзі ў цывільным. Яны былі ў масках, – паведамляе са спасылкай на прыхільнікаў агенцтва Інтэрфакс.
Сёння раніцай Максім Знак павінен быў стаць госцем эфіру „Эхо Москвы”, аднак у апошні момант перастаў выходзіць на сувязь.
***
«У 8:30 у Максіма павінна было быць інтэрв’ю, ён не зайшоў у зум. Я яму патэлефанаваў, ён вымавіў фразу „падобна, хтосьці да нас прыйшоў”, адключыўся і напісаў слова „маскі”. Цяпер ён недаступны», — паведаміў прадстаўнік штаба Глеб Герман.
Беларускае Радыё Рацыя