„Цэнтр Спас” будзе працягваць шукаць Максіма Мархалюка



Пошукі 10-гадовага Максіма Мархалюка пасля 12 дзён безвыніковасці, перайшлі ў іншую фазу. Справай пошукаў цяпер займаюцца падрыхтаваныя адмыслоўцы і каардынатары пошукава-ратавальнага аддзела „Цэнтр Спас” Гародні. Будзе праводзіцца камплектацыя па 50-60 чалавек.

Кажа  кіраўнік „Цэнтра Спас” Аляксандр Крыцкі, які шмат дзён правёў у пошуках:

– Тут цяжка сказаць нешта адназначна, таму што  няма за што “зачапіцца”. Ёсць нейкія дробныя “зачэпачкі”. У любым выпадку адпрацоўваюцца ўсе версіі. Нейкую адну версію нельга вызначыць. Магу сказаць, што лес, у якім нібыта заблукаў хлопчык, пройдзены і прачасаны уздоўж і ўпоперак некалькі разоў. Магчымасць таго, што дзіця знаходзіцца ў гэтым лесе – практычна нулявая.

Аляксандр Крыцкі пацвердзіў той факт, што беларусы даволі актыўна адгукнуліся на знікненне хлопчыка. Яны часта тэлефануюць на нумар „Спаса”, спрабуюць аказаць дапамогу ў пошуках. Нават прыязджалі шукаць Максіма валанцёры-пашукавікі з Масквы.

  Гарадзенцы збольшага ведаюць пра зніклага Максіма, і гэтая тэма абмяркоўваецца, асабліва абмяркоўваецца тое, што дзе сляды? Гарадзенец Герман кажа, што не па ўсёй Гарадзеншчыне прачуліся трагедыяй бацькоў Максіма.

– На Ашмяншчыне ніхто пра гэта не ведае. Калі хто ў навінах штосьці пачуў, але не больш… Сітуацыя вельмі дзіўная з гэтым знікненнем, таму што колькі часу яго ўжо шукаюць, але ніводнага следа няма. Канешне, трэба ўжо распрацоўваць нейкія іншыя версіі… Спадабалася кансалідацыя беларусаў. Гэта ўжо паказчык нейкай еднасці. Людзі ўжо прыходзяць да гэтай еднасці і да праблем, умоўна кажучы, сваіх суседзяў, сваіх братоў-беларусаў.

Цяпер масавыя выязды на пошукі ўжо адмяняюцца. Праца ў пошуках зніклага 10-гадовага Максіма Мархалюка будзе адбывацца па іншай схеме.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя