Максіма Вінярскага пакаралі 15 суткамі арышту
Актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Максіма Вінярскага пакаралі 15-цю суткамі арышту. Такі прысуд вынес суддзя суда Савецкага раёна Менска Эдуард Якубоўскі. Максіма Вінярскага вінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі.
Пра гэта паведаміла праваабаронца Наста Лойка з праваабарончага цэнтра “Вясна”:
– Абсалютна быў абсурдны суд, вельмі страшна, бо Максіму пагражалі супрацоўнікі міліцыі, якія затрымлівалі, і сведчыў участковы, які там не быў. У выніку яму далі 15 сутак арышту, хаця там былі відавочныя праблемы з афармленнем дакументаў.
Як распавяла Наста Лойка, Максім Вінярскі ў знак пратэсту абвесціў галадоўку. Актывіста кампаніі “Еўрапейская Беларусь” затрымалі 29 жніўня на вуліцы Багдановіча ў Менску, калі ён накіроўваўся на талаку ў Курапаты.
Максіма Вінярскага завезлі ў Савецкі РУУС і абвінавацілі ў непадпарадкаванні, склалі на яго адміністратыўны пратакол. Падчас апошняга арышту, які Максім Вінярскі адбываў у турме на вуліцы Акрэсціна напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі ў Менску, ён трымаў сухую галадоўку.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя