Максіму Губарэвічу з Партыі БНФ у Гародні абвесцілі папярэджанне
Незалежнаму кандадату ад Партыі БНФ Максіму Губарэвічу, які вылучаецца па Свіслацкай акрузе, у раённай выбарчай камісіі вынеслі папярэджанне.
– Сітуацыя выглядае наступным чынам. Паводле Выбарчага кодэксу кожны кандыдат у дэпутаты пасля рэгістрацыі павінен узяць адпачынак на працы, ці сацыяльна не аплочваемы, ці аплочваемы. У прынцыпе я так і зрабіў. Але так як любая арганізацыя – гэта пэўны набор бюракратычных працэдур, то бок, трэба было напісаць заяву, каб яе разгледзелі, трэба было перадаць справы сваім калегам, атрымаць адпускныя, у выніку я пайшоў у адпачынак на тыдзень пазней, чым быў зарэгістраваны кандыдатам. Камісія палічыла гэта парушэннем Выбарчага кодэксу і вынесла мне папярэджанне.
На думку грамадскага актывіста, ён у бліжэйшы час можа атрымаць і другое папярэджанне ад уладаў.
– Я са свайго боку не планаваў ісці ў адпачынак да рэгістрацыі, бо было невядома, ці зарэгіструюць мяне кандыдатам, і калі зарэгіструюць, у які дзень. Камісія палічыла гэта парушэннем, вынесла папярэджанне і паведаміла, што ў выніку яшчэ аднаго папярэджання будзе ўзнятае пытанне аб скасаванні маёй рэгістрацыі ў якасці кандыдата.
Максім Губарэвіч плануе 27 кастрычніка 2019 году ў Свіслачы ажыццяўляць сустрэчы з мясцовымі жыхарамі як кандыдат у дэпутаты. І мясціны, дзе будзе адбывацца фэст памяці паўстанцаў, уваходзяць у яго акругу.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча