Маладафронтаўцаў пакаралі штрафамі за акцыю ў Курапатах
Суд Менскага раёну пакараў штрафамі траіх маладафронтаўцаў, затрыманых 3 ліпеня каля рэстарана „Поедем поедим”, што знаходзіцца каля мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсій у Курапатах. Яны былі прызнаныя вінаватымі ў дробным хуліганстве – артыкул 17. 1 і непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі – артыкул 23.4.
Па словах кіраўніка Маладога Фронту Дзяніса Урбановіча, ён і астатнія асуджаныя з выракам не згодныя:
– Суд адбыўся па ліпавых пратаколах. Мы зладзілі невялічкі перформанс у Курапатах. Нас затрымаў брутальна АМАП, паклалі на падлогу ў машыне. Я толькі падчас суда даведаўся, што на мяне былі складзены два пратаколы па арт. 17. 1 і 23.4. Судзілі, прысудзілі 80 базавых штрафу. Буду абскарджваць, таму што не згодны. Ды і на судзе не было ніякіх доказаў таго, што мы камусьці непадпарадкоўваліся. Нават на відэа гэтага няма, але суддзя гэтага не ўлічыў.
Арцём Кляпец аштрафаваны таксама на 80 базавых велічыняў (2 тысячы 40 беларускіх рублей), а Віталь Трыгубаў на 45 базавых (1127 рублёў 50 капеек). Чацвёрты затрыманы – Іларыён Трусаў быў вызвалены з міліцыі як непаўнагадовы. Але яго справа будзе разглядацца пазней, на паседжанні камісіі па справах непаўнагадовых.
„Агулам наш штраф выйшаў у 2 з паловай тысячы долараў за гэты перформанс супраць кабака на костках расстраляных”, – удакладніў Дзяніс Урбановіч. Ён таксама сказаў, што да суду іх трымалі пад вартай. Спачатку ў Бараўлянскім аддзеле міліцыі, а потым у міліцыі Менскага раёну. „Амаль суткі, і за ўвесь гэты час ні разу не пакармілі,” – сказаў Дзяніс Урбановіч.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск