„Малады Фронт” зноў у Курапатах
„Малады Фронт” правёў талаку ў Курапатах. Гэта месца пахавання ахвяраў масавых рэпрэсіяў часоў сталінізму. Раней, у лютым і сакавіку, маладафронтаўцы ўдзельнічалі ў абароне мемарыяльнага ўрочышча ад незаконнага новабуду. І дамагліся яго спынення. Але неўзабаве найбольш актыўныя абаронцы былі арыштаваныя.
Пасля вызвалення і пасля акцыі ў абарону Курапатаў гэта першая талака актывістаў ва ўрочышчы-некропалі, – сказаў лідар „Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч, які некалькі тыдняў правёў у следчым ізалятары на „Валадарцы” па абвінавачванні ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў.
„Маладафронтаўцы сабраліся тут першы пасля абароны раз. Таму што фактычна мы пасля абароны адразу і селі. І вось цяпер тут некалькі чалавек упершыню пасля „Валадаркі”. А для маладафронтаўца „Валадарка” як дом радны: заехаў – выехаў, прыехаў – з’ехаў. Ніякіх ужо пачуццяў і эмоцый,” – жартуе Зміцер Дашкевіч.
РР: Работы тут шмат? Што плануеце зрабіць?
Зміцер Дашкеввіч: Ну, як заўсёды ў Курапатах працы шмат. Праца стандартная – збіраем галлё, выразаем кустоўе, палім смецце.
РР: Зараз нечакана дзяржава таксама звярнула ўвагу на Курапты, конкурс абвесціла, талокі і суботнікі праводзіць
Зміцер Дашкевіч: Нам бы хацелася, каб дзяржава, калі нешта і будзе рабіць тут, мемарыялізацыю нейкую, рабіла гэта пад грамадскім кантролем. 23 апошніх гады ўзаемадачыненняў ўлады з грамадствам сведчыць, што самая лепшая дапамога ўлады, – гэта калі яна не лезе, не перашкаджае, і сама нічога не робіць. Вось не лезла сюды ўлада і дзясяткі гадоў грамадства працавала над народным мемарыялам. Пайшла сюды дзяржава лезці, – і зя’віліся”Бульбаш-хол”, нейкія офісныя цэнтры і гэтак далей. Самае галоўнае тут – не нашкодзіць, не нарабіць нейкіх звыродлівых забудоваў, як у нас любяць пачаць рэстаўрацыі псеўдагістарычныя, і ўсё ў „цыбуліны” апрануць”.
На талаку прыйшоў актывіст ініцыятывы „Эксперты ў абарону Курапатў” Марат Гаравы, які ўручыў Змітру Дашкевічу медаль за абарону Курапатаў. Па словах Марата Гаравога, сябры ініцыятывы ўдзячныя Змітру Дашкевічу і „Маладому Фронту” за тую працу, якую яны робяць па абароне Курапатаў. „І таму аргкамітэт журы конкурсу „Курапаты – народны мемарыял” вырашыў уручыць лідару „Маладога Фронту” Змітру Дашкевічу памятны медаль. Гэта па-першае. Па-другое, мы запрасілі яго ў журы нашага конкусу, на што ён даў згоду,” – рапавёў Марат Гаравы.
У талацэ ў Курапатах удзельнічалі каля 20 маладафронтаўцаў. Яны грунтоўна падчысцілі тэрыторыю некропалю пасля зімы. Нават дзяўчаты апантана працавалі. Цягалі немалыя бярвенні.
– А ці не цяжка? Можа дапамагчы? – цікаўлюся ў актывісткі МФ Валянціны. – „Не, не цяжка, дзякуй”, – адказвае Валянціна.
Па яе словах, яна ўжо не першы раз удзельнічае ў такіх талоках. Упершыню напэўна, гады 2 назад прыйшла, каб паўдзельнічаць у ўпарадкаванні Курапатаў. Талокі тады праводзілі актывісты ініыятывы пад кіраўніцтвам Ганны Шапуцькі. У мінулым годзе прыйсці не атрымалася. „А вось у гэтым годзе хачу прыходзіць і таксама калег прывесці. Таму што я лічу, што гэта месца вельмі важнае для нас, для нашай агульнгай памяці. Мне здаецца, кожны беларус павінен пра яго ведаць. Я асабіста даведалася пра яго толькі калі мне было ўжо 25 гадоў. Я лічу, што гэта занадта пазна. У нашай краіне будзе ўсё нармальна толькі тады, калі дзеці, школьнікі будуць ездзіць на экскурсіі не толькі ў Хатынь, але і сюды, у Курапаты. Для мяне гэта будзе найбольш яскравай праявай дэмакратыі, праўды і справядлівасці ў нашай краіне, – кажа Валянціна.
У талацэ ўдзельнічае і Сяргей Пальчэўскі, які запомніўся самаахвярнай абаронай Курапатаў 2 месяцы таму, калі ён прыкаваў сябе кайданкамі да грузавіка і не дазволіў машыне з будматэрыяламі праехаць на тэрыторыю будоўлі.
Потым быў арышт і следчы ізалятар па крымінальнай справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Потым вызваленне і нечакнае прызнанне, што пад ціскам і шантажом ён падпісаў паперу аб супрацоўніцтве з КДБ. І вось зноўку хлопец у Курапатах. Пасля „Валадаркі” – першы раз. А раней шмат удзельнічаў у розных талоках і акцыях, яшчэ падчас будоўлі „Бульбаш-холу” .
РР: Калі былі на „Валадарцы” і на Вас ішоў такі ціск, ні разу не пашкадавалі, што так апантана абаранялі Курапаты ад будаўніцтва, ні разу не падумалі, – лепш бы сядзеў дома і нічога тады б і не было?
Сяргей Пальчэўскі: Ды не. Можа, хто і не паверыць мне, але я ніколі не шкадаваў пра тое, што рабіў дзеля Курапатаў. Ужо позна шкадаваць. Я і да Курапатаў ужо ўцягнуўся ў палітычную барацьбу, так што шкадаваць аб нечым ужо не мае сэнсу. Трэба толькі наперод ісці і ўсё.
Адзін з ветэранаў Маладога Фронту і абароны Курапатаў Уладзь Яроменак распавядае, што падобныя талокі для арганізацыі справа звыклая. „У мінулым годзе рэгулярна прыбіралі з унутранага боку кальцавой дарогі. А зараз нам падказалі, што вось у гэтым месцы, на поўначы Курапатаў, самае забруджанае месца і трэба менавіта тут прыбраць”.
РР: З надвор’ем толькі не пашанцавала, – вільготна і холадна.
Уладзь Яроменак: Не самае кепскае надвор’е. Дажджа няма, а каб не было холадна – працаваць трэба.
РР: Пасля „Валадаркі” Вы першы раз тут?
Уладзь Яроменак: Менавіта тут, не. Але пасля выхаду я падыходзіў на месца абароны, калі яшчэ плот, які агароджваў новабудоўлю гэтага офіснага цэнтру, быў.
РР: І што адчулі тады – гонар, што перамаглі? Таму што ўжо і плота нават няма, роўнае месца замест будоўлі.
Уладзь Яроменак: Гонар, напэўна, не. Хутчэй радасць, што атрымалася. Таму што пасля першых трох сутак супрацьстаяння апускаліся рукі і не верылася, што нешта мы зможам зрабіць. Але з Божай дапамогай усё атрымалася.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара