Маладых беларусаў запрашаюць вучыцца ў Польшчу
Беларускіх абітурыентаў чакаюць па ўсёй Польшчы – ад Беластоку да Шчэціна. Гэта засведчыла міжнародная выстава «Адукацыя і кар’ера-2016». Яна доўжылася ў Менску тры дні. Прадстаўніца Беластоцкага ўніверсітэта Яна Мулярчык распавядае, чым гэтая навучальная ўстанова можа зацікавіць беларусаў:
– Польскія дзяржаўныя ВНУ прымаюць на тых жа ўмовах, што і грамадзян Польшчы тых, у якіх ёсць карта паляка. Калі такой магчымасці няма, то можна паглядзець дзяржаўныя стыпендыяльныя праграмы, напрыклад, Праграму Каліноўскага. Або выбраць спецыяльнасць, а пасля праглядзець, якія ВНУ прапануюць стыпендыю. Магчымасцяў сапраўды шмат.
Заходнепаморскі ўніверсітэт у Шчэціне зацікаўлены ў тым, каб беларускія студэнты заставаліся працаваць у гэтым горадзе. Зараз тут навучаюцца 5 грамадзянаў Беларусі. Гаворыць прадстаўнік шчэцінскага ўніверсітэту:
– Прыезджых вучым польскай мове, спачатку задарма – выдаткі бярэ на сябе навучальная ўстанова. Пасля заканчэння вучобы студэнт атрымлівае еўрапейскі дыплом, ён затым зможа легальна працаваць ва ўсёй Еўропе. Навучанне не вельмі дарагое, за год трэба заплаціць 2 тысячы еўра. Жыццё таксама не такое дарагое як, напрыклад, у Менску.
Усяго зараз у польскіх ВНУ навучаецца больш за чатыры тысячы беларускіх студэнтаў.
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота euroby.info