Маладым аграрыям тэрміновую ваенную службу заменяць на рэзервовую?
Аляксандр Лукашэнка падтрымаў ідэю замяніць маладым работнікам сельскагаспадарчай галіны тэрміновую ваенную службу на службу ў рэзерве, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
З такой прапановай да афіцыйнага лідара ў час нарады аб першачарговых мерах па забеспячэнні ўстойлівай работы аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці 28 студзеня звярнуўся міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Хацько.
«Чаго яго (маладога аграрыя. – БелаПАН.) у армію цягнуць? Мы больш страцім, – пагадзіўся з ідэяй Лукашэнка. – Хай яны пяць ці дзесяць гадоў, можа, два гады па два месяцы адлучаюцца на ваенную падрыхтоўку, але мы іх павінны навучыць, каб яны хаця б у тэрытарыяльнай абароне маглі служыць».
Кіраўнік дзяржавы даручыў Міністэрству абароны і сакратарыяту Савета бяспекі прапрацаваць варыянты таго, як гэта можна ажыццявіць, і прадставіць яму прапановы.
Паводле яго слоў, такая падтрымка для маладых спецыялістаў таксама будзе з’яўляцца пэўнай ільготай. «Але прайсці гэтую суровую школу жыцця трэба ўсім. Дамовіліся. Прапрацуем гэтае пытанне. Нам трэба знайсці аптымальны варыянт», – падкрэсліў ён.
Акрамя таго, на нарадзе была паднятая тэма фінансавага стымулявання маладых спецыялістаў. Лукашэнка падкрэсліў, што «зарплата ў гэтай сферы павінна быць годнай», аднак рэспубліканскі і абласны бюджэты «не трэба перагружаць стварэннем новых фондаў падтрымкі».
«Багатых людзей нямала. Папрасіце ў іх патрошку, хай адшчыпнуць вам у гэты фонд, разумеючы, што нам трэба сялян ратаваць. А вы з гэтых фондаў будзеце падтрымліваць спецыялістаў. Ці яшчэ нейкі варыянт знайдзіце. Але пра бюджэт нават не думайце. Не раю і ў абласны бюджэт асабліва залазіць», – перасцярог беларускі лідар.
Фота: bel.sputnik.by