Маладыя беларусы знаёмяцца са студэнцкім самакіраваннем у Польшчы
Дзесяць навучэнцаў беларускіх ВНУ прыехалі ў Варшаву, каб даведацца пра студэнцкае самакіраванне ў Польшчы. Цягам чатырох дзён маладыя беларусы наведваюць польскія ўніверсітэты, а таксама міністэрствы і парламент. Візіты праходзяць у рамках праекту “Свядомы студэнт”. Арганізатар ініцыятывы – Беларускі Дом у Варшаве. Сваімі першымі ўражаннямі ўдзельнікі праекту падзяліліся з нашым радыё:
– Вельмі ўразіла сумесная праца студэнцкага самакіравання з ВНУ. Тое, як сумесна яны працуюць, наколькі іх дзейнасць адкрытая і празрыстая. У нас такога і блізка няма!
– Студэнцкае самакіраванне сапраўды патрэбнае. Нават калі паступова даць больш свабоды, гэта дазволіць выхаваць пакаленне адказных людзей.
Сустаршыня “Беларускага Дома ў Варшаве” Алесь Зарэмбюк зазаначае – ахвотных прыехаць было вельмі шмат, а конкурс на праект склаў 13 чалавек на месца. Удзельнікі былі адмыслова адабраныя з розных рэгіёнаў Беларусі:
– Гэта людзі і з Гомля, і з Берасця, і з Наваполацку, і з Менска, якія прадстаўляюць розныя беларускія дзяржаўныя ўніверсітэты. Ганарымся тым, што беларускія ВНУ маюць такіх светлых, адукаваных, таленавітых нашых суайчыннікаў.
Таксама беларускія студэнты ўжо сустрэліся з польскім міністрам Адамам Ліпіньскім, – чыноўнік адказвае за працу з грамадзянскай супольнасцю. Адметна, што сам міністр некалі быў актывістам студэнцкага крыла руху “Салідарнасць”, які змагаўся за дэмакратычныя пераўтварэнні ў Польшчы.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава
Фота wszlko.edu.pl