Маладыя хадэкі збіраюць подпісы за ільготны праезд для студэнтаў
Актывісты Маладых хрысціянскіх дэмакратаў пачалі збор подпісаў за ільготны праезд для студэнтаў. Як адзначыла лідар МХД Марына Хоміч, у Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ўжо ёсць станоўчы вопыт у гэтым пытанні. Раней БХД займалася праблемай ільготнага праезду для пенсіянераў, і, як чакаецца, неўзабаве гэтае пытанне будзе разгледжана кіраўніцтвам Мінгарвыканкама, – кажа Марына Хоміч.
– Сёння ў краіне ў студэнтаў ёсць такая патрэба, бо гэта тая частка насельніцтва, якая знаходзіцца ў даволі жабрацкім стане – стыпендыі вельмі малыя, умовы жыцця вельмі складаныя, інтэрнаты даюць далёка не кожнаму студэнту, трэба здымаць кватэру. Вучыцца ў Беларусі вельмі дорага. Мы лічым, што студэнты – тая частка насельніцтва, якая заслугоўвае падтрымкі ад дзяржавы, і мы лічым, што ільготны праезд павінен быць для студэнтаў. А ў ідэале ён мусіць быць не толькі ільготным, але і бясплатным.
Збор подпісаў у падтрымку ініцыятывы пачаўся ў Гародні і Магілёве. Неўзабаве да акцыі далучацца і іншыя гарады, паведамляе прэс-служба БХД. Подпісы будуць накіраваныя ва ўсе вышэйшыя інстанцыі, якія маюць магчымасць вырашэння праблемы льготнага праезду для студэнтаў, – адзначыла Марына Хоміч.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя