Маладзечанца Вадзіма Гурмана асудзілі на 3,5 гады калоніі за акцыю 9 жніўня
Восьмага лютага ў судзе Маладзечанскага раёна быў вынесены прысуд Вадзіму Гурману, абвінавачанаму па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу і па арт. 364 КК, за тое, што нібыта правакаваў натоўп на актыўныя дзеянні супраць міліцыі і пагражаў гвалтам міліцыянерам на акцыі 9 жніўня.
Суддзя Вольга Дубовік прысудзіла Гурману тры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму (па арт. 342 КК – два гады, па арт. 364 КК – тры гады, агульны тэрмін пакарання – тры з паловай гады зняволення).
Згодна з абвінавачваннем, на акцыі пратэсту супраць прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня Вадзім Гурман „выкрыкваў лозунгі, правакаваў грамадзян на актыўныя дзеянні, а таксама пагражаў гвалтам міліцыянерам Смаленскаму, Лазару, Радзько, Сіняўскаму, Нехвядовічу, Цярэньцьеву”. На судзе гэтыя міліцыянты казалі, што чулі ад Гурмана абразы, ён „заводзіў натоўп, правакаваў агрэсію, выкрыкваў пагрозы”. Гурман прызнаў віну па артыкуле 342, але не па 364-м. Таксама ён адмовіў тое, што ён у той дзень нібыта быў п’яны. На сваім допыце ён распавёў, што пры затрыманні АМАПам 11 жніўня яго і іншых білі і залілі газам твар. Затым моцнае збіццё працягнуліся ў двары РУУС. Па словах Гурмана, яму і яшчэ аднаму затрыманаму Патаповічу пагражалі згвалтаваннем і спрабавалі зняць штаны, аднак усё ж спыніліся па камандзе кагосьці з кіраўніцтва РАУС.