Малая колькасць дазволеных пляцовак у Гародні
Крытычна малая колькасць дазволеных пляцовак у Гародні вызначаная ўладамі на перыяд правядзення агітацыйнай кампаніі кандыдатаў у прэзідэнты – 2020. Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» зрабілі супастаўленні з папярэднімі электаральнымі кампаніямі. Высновы засмучаюць, бо магчымасці для жывой агітацыі значна зменшыліся, таксама колькасць дазволеных закрытых памяшканняў для агітацыі менш за колькасць імаверных кандыдатаў.
Кажа Віктар Сазонаў, назіральнік з Гародні:
– Толькі па аднаму на раён і то, як мы, гарадзенцы, ведаем, што гэта далёкія паркі – Каложскі і Рублёўскі, дзе людзі папросту не ходзяць. Там выгульваюць сабак некаторыя людзі, ды і сабак там няшмат. Таму пра што тут можна казаць. У 2015 годзе ў Ленінскім раёне было вызначана 8 розных месцаў, у 2020 годзе – толькі адно. У Кастрычніцкім раёне было вызначана 11 месцаў, у 2020 годзе – толькі адно.
Што да расклейвання агітацыйнай друкаванай прадукцыі, то ў Гародні такіх тумбаў будзе менш, але не на шмат; параўноўваючы колькасць з папярэднімі выбарамі.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя