Маленькая згадка пра Віктара Валадашчука
Два гады таму, 26 чэрвеня 2019 года, не стала Віктара Валадашчука – галоўнага рэдактара і заснавальніка “Газеты Слонімскай”.
Пазнаёміліся мы з Віктарам у далёкім 1986 годзе. Ён тады працаваў у Слонімскай раёнцы і неяк прыехаў у Глоўсевіцкую сярэднюю школу, дзе я працаваў настаўнікам, фатаграфаваць мяне і мой літаратурны школьны гурток. Потым яго невялікі рэпартаж з’явіўся ў газеце.
Ішоў час і мы часта сустракаліся ў Слоніме ці ў рэдакцыі газеты. Хутка ён з фотакарэспандэнта вырас да загадчыка сельскагаспадарчага аддзела газеты. Шмат ездзіў па вёсках, пісаў рэпартажы, як я з яго жартаваў, пра “сілу ўгнаення”. Потым паступіў на завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі БДУ. А я пакінуў школу і перайшоў у Слонімскую раёнку, дзе мы ўжо працавалі разам.
Тады быў цікавы час, час надзей, спадзяванняў і мараў. Таму мы не раз з ім гутарылі, і марылі пра сваю незалежную газету. Ён звольніўся з раёнкі і паехаў у Менск, працаваў у газеце “Свабода”, там трохі набраўся вопыту, пазнаёміўся з многімі таленавітымі беларускімі журналістамі. А потым вярнуўся ў родны горад. Мы сустрэліся і зноў пачалі размову пра газету. Вырашылі аднавіць даваенную “Газету Слонімскую”. І 24 красавіка 1997 года выпусцілі першы нумар “Газеты Слонімскай”. Наклад быў 3000 асобнікаў. Газету раздавалі людзям бясплатна, і, нават, прадавалі яе на слонімскім рынку.
У маёй кватэры адзначылі першы нумар, абмеркавалі наступныя нумары. Таму што выхад газеты ў 50-тысячным Слоніме быў нечаканым і выклікаў вялікую зацікаўленасць у слонімцаў. Людзі пыталіся, калі будуць надрукаваны наступныя нумары. І “Газета Слонімская” хутка набірала папулярнасць і наклад. Стала неад’емнай часткай жыцця слонімцаў.
І газета пачала стабільна і рэгулярна выдавацца. Усю адказнасць, клопаты, хваляванні ўзяў на сябе Віктар. Вопыт у журналістыцы быў вялікі, таму ён ведаў, якая патрэбна слонімцам газета і што трэба пісаць. І ўсе журналісты пісалі, працавалі, вырашалі праблемы людзей… Пра гэта можна распавядаць шмат, напісаць цэлую кнігу… А, магчыма, яна некалі і напішацца.
Прыгадваюцца сёння радкі Алега Лойкі: “Думаў я ўсё наперадзе, аказалася – ззаду”. Сапраўды так, бо ўжо два гады, як няма на гэтым свеце Віктара. А з восені мінулага года не выдаецца “Газета Слонімская”. Без яго і без газеты, здаецца, сёння апусцеў горад над Шчарай, нечага не хапае нашым людзям. А нам, яго сябрам і аднадумцам, не хапае Віктара – шчырага, маўклівага і разважлівага журналіста. З якім пражыта і перажыта пэўная частка нашага жыцця.
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя