„Маленькі прынц” па-беларуску: з аншлагам у Гародні



У гарадзенскім кінатэатры “Чырвоная зорка” ў межах “Беларускіх уікэндаў” з аншлагам адбыўся паказ мультфільма “Маленькі прынц” на беларускай мове.

Апроч прагляду анімацыі, кожны ахвотны меў магчымасць сфатаграфавацца ў адмысловай фотазоне і набыць кніжку “Маленькі Прынц” ў перакладзе Ніны Мацяш на родную мову.

Пра арганізацыю паказу ў Гародні распавядае арганізатар “Беларускіх уікендаў” Андрэй Кім:

– Да нас звярнуліся з мясцовага кіна-відэапраката з такой прапановай, ініцыятыва сыходзіла з Гародні. Нічога складана дзякуй Богу не было, ніякіх гораў мы не пераадольвалі, бо мульцік ужо ёсць, проста запланавалі дату. Зараз такі больш мёртвы сезон лічыцца, але восенню было б складана, бо ў нас у Менску пачынаюцца паказы, складана было б арганізоўваць адначасова два паказы. Гародня першы горад з абласных у які мы прыехалі з праектам, я думаю не апошні, таму з гэтага мы і пачнем.

Прадстаўніца кампаніі Velcom Ірына Карэліна лічыць гэты праект унікальным:

– Калі да нас звярнуўся Андрэй Кім з прапановай стаць спонсарамі, мы адразу зразумелі, што па-першае, гэты праект вельмі арганічна працягвае шэраг нашых ініцыятыў па падтрымцы беларускай мовы, а па-другое, гэта менавіта той праект у які хочацца ўкладацца не толькі фінансавымі сродкамі, але і неяк эмацыйна, бо яго канцэпт супадае з нашым поглядам на сацыяльную адказнасць.

Арганізатары паказаў “Маленькага прынца” па-беларуску вырашылі працягнуць паказы ў Гародні яшчэ на тыдзень, а таксама перадалі сотню кніг “Маленькі Прынц” навучальным установам Гародні.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня