Малы памежны рух – грамадскія слуханні ў Гародні (абноўлена)



Улады Беларусі не жадаюць ажыццяўлення дамовы аб малым памежным руху з Польшчай і Літвой, прыкладаючы намаганні выключна дзеля яе блакавання. Да такой высновы, па словах намеснкіа старшыні партыі БНФ Ігара Лялькова, прыйшлі ўдзельнікі грамадскіх слуханняў “Малы памежны рух і бязвізавая прастора: наступныя крокі”. Мерапрыемства адбылося ў Гародні ў межах кампаніі “Народны рэферэндум”.

 Плюсы для жыхароў памежных тэрыторый абсалютна відавочныя. Любое вольнае перасоўванне без візаў у краіны Еўразвяза – гэта заўсёды і пашырэнне кругагляду, і магчымасць пабачыць, як жывуць людзі ў ЕЗ. Таксама ёсць эканамічныя падставы і ў Латвіі, і ў Літве, і ў Польшчы: кошты на некаторыя тавары ніжэйшчыя, чым у Беларусі.

Для жыхароў прыпамежнай Гарадзеншчыны ўвядзенне малога памежнага руху – справа патрэбная і доўгачаканая. У гэтым, па словах актывіста “Еўрапейскай Мастоўшчыны” Васіля Клімовіча,  можна ўпэўніцца, непасрэдна размаўляючы з людзьмі.

– Мы з бабуляй адной размаўлялі, дык яна казала, што сын жыве ў Вільні. Мы спыталі, як часта яны бачацца. “Нячаста, – адказала тая. – Калі ён прыедзе, тады і бачымся. Я да яго не магу прыехаць. Для мяне зрабіць візу – вельмі дорага”. А вось калі ўступіць у сілу закон, то яна зможа ездзіць, калі захоча. І гэта будзе каштаваць 20 еўра на 5 гадоў. Яна атрымае картку і зможа бачыць сына часцей. “О, добра”, – кажа бабуля.

На Гарадзеншчыне існуе некалькі  грамадскіх кампаній, якія папулярызуюць малы памежны рух і стварэнне магымасцей для бязвізавага перасячэння межаў Еўразвяза.

Сярод найбольш актыўных – альянс “Грамадзянская Гарадзеншчына”, абласная суполка партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” і Рада народных дэпутатаў.

* * *

У межах кампаніі „Народны рэферэндум” у Гародні адбыліся грамадскія слуханні „Малы памежны рух і бязвізавая прастора: наступныя крокі”.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў, палітолаг Алесь Лагвінец і актывістка кампаніі „Гавары праўду” Таццяна Караткевіч абмеркавалі з гарадзенцамі перспектывы ўвядзення малога памежнага руху паміж Беларуссю і Польшчай, а таксама Беларуссю і Літвой.

З 2009-га года па гэтым пытанні вядуцца перамовы на дзяржаўным узроўні, але ў рэальнасці беларускі бок блакуе падпісанне адпаведных пагадненняў, што па словах намесніка старшыні руху „За Свабоду” Алеся Лагвінца з’яўляецца паказчыкам стаўлення ўладаў да жыхароў краіны:

– Нармальныя ўзаемавыгадныя адносіны з Еўрапейскім Звязам, асабліва ў сённяшніх варунках, яны для нас вельмі важныя. Пытанні таго, каб людзі маглі вольна перасякаць мяжу – асабліва тыя, што жывуць на памежных тэрыторыях, яно вельмі важнае асабліва ў варунках эканамічнага крызісу. Для шмат каго з людзей гэта спосаб эканамічнага выжывання, а ўлады як раз наадварот спрабуюць стварыць больш перашкодаў.

Дамова пра малы памежны рух дае права на бязвізавае перасячэнне мяжы жыхарам населеных пунктаў, якія знаходзяцца на адлегласці 30 кіламетраў па абодва бакі мяжы. У зону дзеяння малога памежнага руху ўваходзяць такія буйныя гарады як Вільня, Берасце і Гародня.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня