Малы Памежны Рух на радзіме Пятра Клімука і Пятра Пракаповіча



Актывісты арганізацыі “Вольны горад” працягваюць інфармацыйную кампанію аб Малым Памежным Руху. Гэтым разам яны наведалі буйныя населеныя пункты – Тамашоўку і Камароўку. Яны знаходзяцца ў 70 кіламетрах ад Берасця, паміж Польшчай і Украінай. Мястэчкі вядомыя таксама як малая радзіма банкіра Пятра Пракаповіча і касманаўта Пятра Клімука. У Тамашоўцы дзейнічае вялікі гатэль і рэстарацыя. Але наведаць гэтыя вёскі вельмі складана. Патрэбны дазвол і аплата мыта за ўезд у памежную зону. Неаднаразовыя праверкі дакументаў пачынаюцца ўжо праз 40 кіламетраў ад Берасця. Па сутнасці гэта зона ў зоне, кажа актывістка „Вольнага гораду” Паліна Шарэнда-Панасюк:

– Нягледзячы на наяўнасць у Тамашоўцы дзеючых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і статусу аграгарадка, адсюль з’язджае амаль уся моладзь.  

Фактычна Тамашоўка і ўтварылася як прыгарад пры чыгуначнай станцыі суседняга польскага горада Уладава. Але ўсе сувязі, якія складаліся дзесяцігоддзі, былі разбураныя пасля вайны. Як і быў разбраны мост, які калісьці спалучаў Тамашоўку і Уладаву.

Увядзенне Малога Памежнага Руху было б першым крокам, каб прарваць гэтую ізаляцыю. Але беларускія ўлады не спяшаюцца з яго ўвядзеннем. І пакуль аб тым, што Польшча блізка, нагадвае назва станцыі ў Тамашоўцы, ды касцёльны звон з таго берагу Буга, які раздаецца па ўсіх навакольных вёсках.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя