Малы памежны рух з Польшчай надалей толькі на паперы
Кампанія “За малы памежны рух” працягвае праводзіць інфармацыйную працу з насельніцтвам. Пра гэта расказвае адзін з каардынатараў кампаніі Зміцер Кухлей з Мастоў на Гарадзеншчыне.
Паводле Міністэрства замежных спраў Беларусі, увядзенню спрошчанага рэжыму перасячэння мяжы замінаюць найперш недастатковыя тэхнічныя магчымасці пунктаў пропуску: у выпадку памежнага руху чакаецца значнае павелічэнне колькасці ахвотных перасячы мяжу. Зміцер Кухлей не пагаджаецца з такімі высновамі:
– У памежных рэгіёнах і так вялікая колькасць людзей ужо маюць візы. Увядзенне дамовы пра малы памежны рух не павялічыла б значна колькасць людзей, якія перасякаюць мяжу, хоць некаторыя павелічэнні, напэўна б, былі. Але галоўнае – што людзі атрымоўвалі б дазволы на больш працяглы тэрмін і па спрошчанай сістэме, што выгадна невялічкім гарадам у прымежнай зоне. А інфраструктура… Тут хутчэй эканамічныя прычыны такой сітуацыі, вось жа беларускі бок цяпер увёў абмежаванні на ўвоз тавараў, і можа з нейкім палітычным там пытаннем.
Малы памежны рух дае права на бязвізавае перасячэнне мяжы жыхарам населеных пунктаў, якія знаходзяцца на адлегласці 30-ці кіламетраў па абодва бакі мяжы. У зону дзеяння дамовы ўваходзяць такія буйныя гарады як Берасце і Гародня.
З польскага боку ўсе фармальнасці адносна дамовы пра малы памежны рух былі выкананыя (саму дамову Польшча і Беларусь падпісалі яшчэ ў 2010 годзе). Беларускі бок таксама ратыфікаваў гэты дакумент у парламенце, але яго так і не падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Такім парадкам, дамова існуе, але яна не дзейнічае.
Яна Запольска, Беларускае Радыё Рацыя
Фота nv-online.info