Манетызацыя каронавіруса



Па законах рынкавай эканомікі нават каронавірус у Беларусі пачаў манетызавацца.

Актуальны стан на сёння ў беларускай сталіцы прадставіць наш карэспандэнт Вольга Сямашка:

– Відавочна, што ўвядзенне сапраўднага каранціну ў Беларусі ў першую чаргу негатыўна адаб’ецца на эканоміцы. Тым не менш, многія суб’екты гаспадарання прымаюць рашэнне аб прастоі з-за неспрыяльнай санітарна-эпідэміялагічнай абстаноўкі ў свеце, абмежавання руху тавараў праз межы суседніх краін, часовае зніжэнне пакупніцкай актыўнасці. Так менскае буйное швейнае прадпрыемства “Элема” спыняе вытворчасць з 23 сакавіка па 4 карсавіка. З’яўляюцца паслугі, якія мусяць закрыць дзіркі ў бюджэце, якія ўзніклі з-за крызісу ў турыстычнай, гандлёвай, забаўляльнай і іншых галінах вытворчасці. У Менску манапаліст “Белдзяржстрах” прапанаваў кліентам новую паслугу – страхаванне ад каронавіруса. Калі нехта застрахуе сябе на 100 даляраў і раптам памрэ, ягоныя сваякі атрымаюць ажно 10 тысяч даляраў. Попыт на паслугу ёсць, і некалькі чалавек ужо застрахаваліся. Большасць жа задаецца пытаннем – якая гарантыя таго, што ўрачы будуць мець смеласць указаць у пасведчанні аб смерці прычынай менавіта CОVID – 19.

Трыюмф у менскіх фірмаў, якія працуюць па дастаўцы прадуктаў і рэчаў на дом пакупніку. Менская харчовая сетка “Еўраопт” не ведае праблемаў з замовамі. І нават увяла шэраг лімітаў на час і дзень замоваў. Пры гэтым лагічнае з’яўленне платных тэстаў на каронавірус у камерцыйных медычных цэнтрах Менска і рэспублікі штучна стрымліваецца, каб не стварыць дэфіцыт неабходных рэактываў. У дзяржаўных медычных установах такія тэсты робяцца толькі па паказаннях медыкў.

Нацыянальны банк Беларусі рэкамендуе банкам разгледзець магчымасць крэдытных канікул – адтэрміноўкі вяртання ( пагашэння) крэдыту і выплаты працэнтаў за карыстанне імі грамадзянамі.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск