Манціроўшчыку з Берасця прысудзілі 2,5 гады „хіміі” за абразу Лукашэнкі ў ЦікТоку



Праваабаронцам сталі вядомыя вынікі судовага пасяджэння па справе Андрэя Шчыгеля, якога абвінавацілі ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 368 КК РБ («Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»). Суд Маскоўскага раёна Берасця разгледзеў ягоную справу 31 студзеня.

Судовае пасяджэнне ўзначальвала суддзя Таццяна Лаўранюк. Яна ж неаднаразова разглядала справы фігурантаў «карагоднай» справы ў Берасці.

Пра абвінавачанага вядома, што яму 50 гадоў і што ён працуе манціроўшчыкам сцэны ў Берасцейскім тэатры лялек. На працы яго характарызуюць толькі са станоўчага боку. Маці мужчыны мае інваліднасць 2-й групы.

Андрэя Шчыгеля абвінавацілі ў тым, што з 10 жніўня 2020 года па 30 кастрычніка 2021 года ў ЦікТоку ён запісаў зварот, у якім вінаваціў Лукашэнку ў здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства, прадугледжанага арт. 139 КК РБ («Забойства»), і выставіў гэтае відэа ў адкрыты доступ для ўсіх сваіх падпісчыкаў, а іх, як было агучана падчас судовага пасяджэння, больш за тысячу. Тэкст звароту, пра які ідзе гаворка, падчас судовага разгляду не быў агучаны. Таксама ў віну Андрэю паставілі тое, што ў той жа перыяд і ў тым жа акаўнце ў ЦікТоку ён выклаў яшчэ адзін відэазварот, у якім, згодна з версіяй лінгвістычнай экспертызы, утрымоўваліся абразы і ненарматыўная лексіка, накіраваныя ў адрас Лукашэнкі. На судзе іх таксама не зачыталі.

Агулам у пратаколе налічвалася 63 відэа са старонкі Андрэя Шчыгеля ў ЦікТоку.