Марат Гаравы: Курапаты па-ранейшаму патрабуюць абароны



Пікеты супраць забудовы ахоўнай зоны мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты плануюць правесці некалькі грамадскіх актывістаў. Яны падрыхтавалі заяўкі ў выканкам Менскага раёну, на тэрыторыі якога Курапаты знаходзяцца, на правядзенне двух мерапрыемстваў 4 чэрвеня.

Па словах аднаго з аўтараў заяўкі, грамадскага актывіста і журналіста Марата Гаравога, пікеты павінны прыцягуць увагу да сітуацыі вакол мемарыялу, якая становіцца ўсё больш напружанай.

– Дзяржава абараняць Курапаты не жадае. Гэты цэнтр, з першапачатковай назвай “Бульбаш-хол”, плануе ў бліжэйшыя дні адкрыцца. І ў гэтай сітуацыі мы не можам маўчаць і вымушаны ісці на пікетаванне, каб выканаць свой канстытуцыйны абавязак па ахове гэтай унікальнай гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння.

Пікетаванне плануецца правесці пад лозунгамі: „Бульбаш хол – здзек з Курапатаў”, „Беларусы! Абаронім Курапаты ад знявагі!”, „Курапаты – месца згубы бязвінных людзей, а не месца для забаваў” і іншыя.

„Мы спадзяемся, што нашыя заяўкі будуць задаволены. А калі не, то мы працягнем барацьбу, каб адстаяць гэтае святое месца ад знявагі,” – кажа Марат Гаравы.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя