Марат Гаравы – як вырашыць канфлікт вакол Курапатаў?
Аб каранях цяперашняга канфлікту вакол новабудоўлі каля Курапацкага мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсій у інтэрв’ю журналісту Радыё Рацыя Генадзю Барбарычу распавёў гісторык, актывіст грамадскай кампаніі „Эксперты ў абарону Курапатаў” Марат Гаравы.
Марат Гаравы: Вытокі гэтага канфлікту далёка. Можна сказаць, яны пачынаюцца ў 1988 годзе, калі былі адкрытыя Курапаты. Трэба было адразу ўнесці Курапаты ў спіс помнікаў, даць ім ахоўную зону. Аднак гэта было зроблена толькі праз 5 гадоў, а потым яшчэ 11 гадоў Курапаты не мелі ўвогуле ніякай ахоўнай зоны. Урэшце ў 2004 годзе яна з’явілася, але нашмат меншая за тую, якую прапанавалі спецыялісты – распрацоўшчыкі. А менавіта яны прапанавалі навукова і гістарычна абгрунтаваны праект ахоўнай зоны ў адпаведнасці з сусветнымі падыходамі да помнікаў такога ўзроўню. І гэта ахоўная зона павінна была ісці „рушніком” вакол Курапатаў шырынёй не менш за 300 метраў. Аднак, нягледзячы на тое, што гэты праект быў адзінагалосна ўхвалены Беларускай рэспубліканаскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гістарычна-культурнай спадчыны пры міністэрстве культуры, праз некаторы час чыноўнікі гэтага ж міністэрства яго скасавалі. Ахоўная зона была нашмат зменшана. Ну а потым працягваліся бясконцыя інтэрвенцыі ў гэтую зону, спробы забудаваць яе. Была адна „удалая” пабудова – так званы „Бульбаш – хол”. І вось зараз мы бачым новае будаўнітва. І нягледзячы нават на тое, што ў 2014 годзе быў прыняты ўжо сталы праект ахоўнай зоны, які яшчэ больш зменшыў ахоўную зону Курапатаў, яе шырыню, зрабіў яе частковай, ад чаго яна страціла сваю цэласнасць і зараз ўжо не з’яўляецца такім цэльным „рушніком”…
RR: У Вас ёсць тлумачэнне такіх дзеянняў міністэрства культуры?
Марат Гаравы: Як я магу тлумачыць? Гэта Бог можа патлумачыць, ці яны самі. Я магу толькі меркаваць.
RR: А Вы з імі, калі такое здарылася, не размаўлялі, чаму такія крокі? Чаму раптам скасоўваецца зацверджанае?
Марат Гаравы: Што вы не ведаеце, як чынавенства тлумачыць свае ўчынкі? Пачынаюць, што гэта неабходнасць, мэтазгоднасць, „вы ж павінны зразумець”, што гэта горад, які развіваецца і так далей, – падставы заўсёды знойдуцца. Але я падкрэсліваю, – той праект, распрацаваны Таццянай Косціч і Вольгай Кукуняй у 2003 годзе і адзінагалосна прыняты Радай пры Мінкульце, быў насамрэч навукова і гістарычна абгрунтаваны. А ў Раду ўваходзяць не толькі чыноўнікі міністэрства культуры, а і вядучыя спецыялісты краіны ў галіне архітэктуры, горадабудаўніцтва, мастацвазнаўцы. І іх высновы былі перакрэслены. Таму якая ў нас логіка? – Што ўсе пазнейшыя праекты не з’яўляюцца гістарычна і навукова абгрунтаванымі. Яны абгрунтаваны іншымі рознымі матывамі. Вось пра што ідзе гаворка. Пагэтаму мы стаім на тым, што, каб зліквідаваць гэтыя праблемы, трэба вяртацца да той, навукова абгрунтаванай нормы ахоўнай зоны – не менш 300 метраў, пра што мы ўвесь час гаворым грамадскасці.
RR: І гэты кавалак зямлі, на якім зараз пачалося новае будаўніцтва, таксама быў адрэзаны ад былой ахоўнай зоны Курапатаў?
Марат Гаравы: Канешне быў адрэзаны. Гэты кавалак зямлі набыў у разуменні чынавенства нібыта законны статус пасля таго, як часовая схема была зменена на сталы праект у 2014 годзе. Да 2014 году гэты фрагмент як раз уваходзіў у склад ахоўнай зоны. А пасля – не. Для нас гэта ўсё эквілібрыстыка, гэта ўсё чыноўніцкія маніпуляцыі з ласымі кавалкамі зямлі каля кальцавой дарогі. І гэта будзе бясконца працягвацца. Мы ведаем прыклады і зваротаў іншых на гэты конт, – мы б тут хацелі пабудавацца, тут хацелі каналізацыю пракласці. А міністэрства культуры адказвае – трэба навукова абгрунтаваць гэта, трэба ўнесці змены ў праект ахоўных зонаў. Гэта сведчыць, што яшчэ будуць такія спробы. І не адна, – дзясяткі. А каб ад гэтых спробаў пазбавіцца, трэба прынцыпова вызначыцца. І калі будзе прынцыповае рашэнне, то пытанне будзе знятае. Інакш гэтыя супрацьстаянні каля Курапатаў будуць працягвацца бясконца.
RR: Можа быць, вытокі канфлікта больш глыбокія, чым свавольства чыноўнікаў ці карупцыя бізнэсу. Можа, гэта ідэалагічнае, светапогляднае супрацьстаянне?
Марат Гаравы: Безумоўна, светапогляднае. Мы зараз кажам пра канкрэтныя дзеянні. А што пад гэтым ляжыць? – Канешна, светапогляд. Таму што людзі, якія бароняць Курапаты , – яны прызнаюць іх нацыяналнай святыняй. А тыя, хто спрабуюць будаваць на межах мемарыялу, у іх адваротны погляд. Калі б яны прызнавалі Курапаты за нацыянальную святыню, то так нахабна не наскоквалі б на іх.
RR: Што б Вы хацелі сказаць абаронцам Курапатаў?
Марат Гаравы: Абаронцам я ўжо не раз гаварыў і паўтараю, – мы ганарымся нашымі дзецьмі і ўнукамі. Таму што яны выратоўваюць гонар, годнасць і сумленне беларусаў. Таму што яны сваімі паводзінамі пацвярджаюць, што нармальныя беларусы не будуць мірыцца са свавольствам уладаў, дзялкоў, для якіх Курапаты – нуль. А для тых, хто бароніць, Курапаты – нацыянальная святыня. Таму яны баранілі, бароняць і будуць іх бараніць, – упэўнены Марат Гаравы.
Гутарыў Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя