Марфа Рабкова губляла прытомнасць у камеры



Праваабарончаму цэнтру «Вясна» стала вядома, што палітзняволеная праваабаронца Марфа Рабкова губляла прытомнасць у камеры.

Гэта здарылася з-за недахопу паветра і духаты. У камеры Марфы ўтрымліваюць 12 чалавек.

5 ліпеня адвакат Наталля Мацкевіч сустрэлася са сваёй падабароннай Марфай Рабковай.«Яна стала тонкай, празрыстай, але цвёрда трымаецца», — напісала Мацкевіч у твітары.

Праваабаронца Тацяна Гацура-Яворская, якая ў красавіку апынулася з Рабковай у адной камеры ў менскім СІЗА № 1, казала, што дзяўчына за 8 месяцаў зняволення схуднела на 12 кілаграмаў. У канцы чэрвеня ёй падоўжылі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на тры месяцы.

Марфа Рабкова — каардынатар валанцёрскай службы праваабарончага цэнтра «Вясна». Яе затрымалі 17 верасня 2020 года. Праваабарончыя арганізацыі прызналі Марфу Рабкову палітзняволенай і патрабуюць яе вызвалення.

Беларускае Радыё Рацыя