Марфу Рабкову абвінавацілі ў арганізацыі падпалу падатковай інспекцыі
Праваабаронцу Марфу Рабкову, якая з верасня 2020 года знаходзіцца ў СІЗА, абвінавацілі ў арганізацыі падпалу падатковай інспекцыі Гомельскага раёна ў сакавіку 2017 года.

Паводле Следчага камітэта Беларусі, на які спасылаецца «Настоящее время», у рамках расследавання крымінальнай справы па факце стварэння і кіраўніцтва злачыннай арганізацыяй яны атрымалі «неабвержныя доказы» аб датычнасці да гэтай арганізацыі чатырох удзельнікаў «масавых беспарадкаў» у Менску.
У прэс-рэлізе пазначаны толькі ўзрост падазраваных, імёны не называюцца. Размова, у прыватнасці, ідзе пра 31-гадовага мужчыну і 26-гадовую дзяўчыну, якіх паказваюць як былых адміністратараў шэрагу інтэрнэт-рэсурсаў і тэлеграм-каналаў, прызнаных экстрэмісцкімі. Таксама гаворыцца аб іх датычнасці да падпалу падатковай інспецекцыі Гомельскага раёна ў 2017 годзе з дапамогай «кактэйляў Молатава».
Naviny.by са спасылкай на тэлеграм-канал ГУБАЗіК МУС піша, што адным з кіраўнікоў арганізацыі следства лічыць Марфу Рабкову.
