Маргарыта Шыша: Хацела звярнуць увагу на палітзняволеных
Гарадзенка Маргарыта Шыша, якую адлічылі з Купалаўскага ўніверсітэта за акцыі салідарнасці, прыняла ўдзел у міжнародным флэшмобе „На што ты здатны дзеля мары”.
Удзельнікі акцыі пагалілі галовы на знак салідарнасці, кажа Маргарыта Шыша:
– Я вырашыла далучыцца да акцыі, бо я не лічу валасы чымсьці важным. Трэба звярнуць увагу на тое, што ў нас 13-ць палітзняволеных ад акадэмічнай супольнасці.
Па яе словах, гэтую акцыю падтрымалі студэнты ў іншых краінах і гарадах:
– Я знаю, што вельмі шмат студэнтаў пагалілася, якія знаходзяцца ў Кіеве. Па-мойму, чатыры асобы прагаліліся, якія цяпер знаходзяцца ў Варшаве. Я ведаю некалькі асобаў, якія знаходзяцца ў Беларусі, яны таксама пагаліліся, але яны пакуль пра гэта не паведамілі.
Маргарыта Шыша цяпер вучыцца ў Вільні ў ЕГУ, а ў Гародні перад адлічэннем дзяўчына вучылася на 4-м курсе факультэту дызайну ў Купалаўскім універсітэце.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча