Марк Цукерберг абяцае хуткія рэформы ў Фэйсбуку



Заснавальнік фэйсбука Марк Цукерберг абвесціў планы зменаў у сацсетцы ў найбліжэйшы час. Паводле яго, адміністратары пачулі скаргі карыстальнікаў на тое, што камерцыйны і арганізацыйны кантэнт пачаў занадта выцясняць прыватныя пасты і перашкаджае людзям камунікаваць міжсобку, паведамляе BBC.

Ён таксама дадаў, што стваральнікі фэйсбука адчуваюць адказнасць за тое, каб карыстальнікі не толькі пасіўна праглядалі стужку ў забаўляльных мэтах. Шляхам стварэння мэтавых груп, арыентаваных на акрэсленыя тыпы кантэнту, адміністрацыя сацсеткі будзе намагацца актывізаваць карыстальнікаў у абмене інфармацыяй.

«Калі гэтыя змены запрацуюць, вы пачнеце бачыць меней публічнага кантэнту, напрыклад — публікацый ад фірм, брэндаў і СМІ. Увесь публічны кантэнт будзе стандартызаваны — і гэта павінна спрыяць змястоўнаму ўзаемадзеянню людзей», — сказаў Марк Цукерберг. Ён спадзяецца, што людзі пачнуць праводзіць у фэйсбуку меней часу, але гэты час будзе выкарыстаны больш інтэнсіўна для ўзаемадзеяння ў рамках рэфармаваных мэтавых груп. Змены, паводле яго, павінны запрацаваць ужо цягам найбліжэйшых тыдняў. Раней стваральнік сацсеткі таксама анансаваў, што яе адміністрацыя будзе больш актыўна супрацьстаяць спробам з боку «нацыянальных дзяржаў маніпуляваць кантэнтам», і абяцаў перадаць Кангрэсу ЗША інфармацыю, звязаную з болей чым 3000 палітычных рэклам, размешчаных у фэйсбуку афіліяванымі з ўрадам прадстаўнікамі Расеі.