„Марш адзінства” у Берасці прайшоў нягледзячы на затрыманні
У мерапрыемстве прынялі ўдзел тысячы чалавек, у знак пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалтоўных дзеянняў сілавікоў. Ужо на яго пачатку экіпіраваныя супрацоўнікі міліцыі выставілі кардон на рагу Савецкай і Машэрава. Дзякуючы яму, удалося адсекчы авангард з некалькі дзясяткаў чалавек, якія адразу былі затрыманы. Нягледзячы на гэта марш працягнуўся і калона рушыла на Усход.
Кажа праваабаронца Уладзімір Вялічкін:
– Пакуль я канца не бачу, я думаю, што з дзясятак тысячаў ужо толькі я бачу зараз. Калі будзе хвост, тады скажам дакладней. Мне ўжо тэлефанавалі жонкі затрыманых, цікавіліся, дзе яны могуць быць. Ведаю, што адзін СМС даслаў, што ён ужо ў паўночным гарадку. Думаю другі таксама і ўсе астатнія. Па некаторых дадзеных пару дзясяткаў забралі.
У сацыяльных сетках мяркуюць, што мітынгуючыя, якіх адсеклі і затрымалі сілавікі ў самым пачатку, з’яўляюцца прыхільнікамі руху анархістаў. Цягам шэсця, да калоны далучаліся новыя людзі. На рагу Партызанскага і Маскоўскай яны ўшанавалі памяць расстралянага сілавікамі Генадзя Шутава хвілінай маўчання і песняй „Малітва” Уладзіміра Мулявіна. Завяршылася ўсё праз 5 гадзінаў пасля пачатку ля касцёла Узвышэння Святога Крыжа на плошчы Леніна, дзе дэманстрантаў сустрэў кардон міліцыі з вадамётам. Эскалацыі між сілавікамі і пратэстоўцамі не было і пасля выканання народнага спеву „Купалінка” апошнія разышліся.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце