Марш годнасці і справядлівасці ў Вільні
У Вільні адбыўся марш годнасці і салідарнасці беларусаў. Ён быў прысвечаны трэцяй гадавіне пачатку масавых пратэстаў у Беларусі пасля фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах і распачатага рэжымам гвалту.
Гэтым мерапрыемствам 9 жніўня больш за тысячу беларусаў выказалі салідарнасць і падтрымку беларускаму народу, які змагаецца за свабоду, дэмакратыю і правы чалавека.
На пачатку на Кафедральнай плошчы адбыўся міттынг, дзе выступілі прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці на чале са Святланай Ціханоўскай:
— 2020 год – гэта быў дзень амаль упэўненасці, што вось перамены, вось яны на парозе. Прайшоў год, было цяжка, але гэтая надзея, што вось-вось…, яна анікуды не знікла. Тры гады прайшло, і сёння я адчуваю больш болю за тое, што мы не змаглі тады; за тое, што пакутуюць нашыя родныя ў турмах. Аднак я ўсё адно поўная ўпэўненасці ў беларусах, у тым, што мы вернемся. Я не ведаю калі, я не магу даваць такія прагнозы. Але я бачу, што перад намі цяжкі шлях. Колькі ён зойме — я не ведаю.
Прыйшлі падтрымаць беларусаў і літоўскія палітыкі. Як кажа Эмануэліс Зінгерыс, усё жыццё яны чакалі беларусаў у Еўразвязе:
— Штогод сустракаю дзень вашай незалежнасці. Чакаю, што вы скінеце гэты прыгнёт, гэтых пачвараў са сваіх плячэй і станеце нармальнымі еўрапейскімі людзьмі. Бо мы разумеем, што вы не расейцы, што вы еўрапейцы. Вас спрабуюць ператварыць у савецкіх расейцаў, але ў іх не ўдасца.
А паміж сабой людзі ўзгадвалі жнівеньскія падзеі 2020 года. Узгадвае іх і Міхаіл з горада Дуброўна Віцебскай вобласці:
— У ІЧУ сядзеў 17 дзён, я толькі чуў як машыны сігналяць. З аўторку пачалося датэрміновае галасаванне. Я пытаўся, што там адбываецца, а мне адказвалі, што гэта вяселле. У аўторак вяселле! Да нядзелі гэта ўсё шумела вечарамі, да 12 ночы. Я заўжды казаў, што нешта не так. Усе разумелі, што выбары будуць, я меўся выйсці, але мне прадоўжылі тэрмін. У мяне быў адміністрацыйны арышт, я меў недаседжаныя суткі, і яны якраз так паличылі, што трэба чалавека пасадзіць так, каб яго на выбарах зусім не было.
І вось, нядзеля, выбары сканчаюцца, цямнее, і пачынаецца рух аўтазакаў, калі адзін за адным прыязджае кожныя 15 хвілінаў, людзей выгружаюць, шыхтуюць у калідоры, анічога не відаць. І лёгкія ўдары дручкамі: тук-тук-тук. Патлумачылі матам куды трэ ісці, і як вылюдкі павялі людзей на вышэйшы паверх. І да другой гадзіны ночы ўсё вазілі, вазілі, вазілі людзей.
Шлях маршу годнасці і салідарнасці палягаў ад Кафедральнай плошчы да беларускай амбасады. Ля гэтага будынку мітынгоўцы выступілі з прамовамі, завязалі стужкі ў выглядзе бел-чырвона-белага сцяга на плот амбасады і запалілі свечкі каля фотаздымкаў загінулых ад рэжыму.
Беларускае Радыё Рацыя