«Марш гонару» ў Берасці



Берасцейцы, нязгодныя з вынікам прэзідэнцкіх выбараў і гвалтам сілавікоў, у чарговы раз сабраліся на нядзельны пратэст.

Яны паспрабавалі змяніць тактыку, але сфармаваць масавую калону і вывесці яе па-за межы цэнтра ім не ўдалося, бо гэтаму перашкаджалі сілавікі. Такіх спробаў было некалькі, але нягледзячы на беспаспяховасць лозунгі ўсё ж былі агучаны:

– Жыве Беларусь! Жыве!

– Мы ў цэнтры былі, мы не хадзілі з хлопцамі, спрабавалі ў цэнтры збірацца, нават сталі з дзяўчатамі каля дарогі з кветкамі. Прыехаў аўтазак і нас адразу разагнаў. І там яны ў цэнтры паўсюль разганялі і не давалі нідзе збірацца. Але ўсё ж такі мы неяк сабраліся каля помніка.

Акрамя таго, па шляху запланаванага маршруту гуртаваліся і выходзілі на ланцугі салідарнасці з бел-чырвона-белай сімволікай жыхары мікрараёнаў: Усход, Кавалёва, Вулька. Збіраліся пратэстуючыя і на набярэжнай імя Францыска Скарыны:

– Няма выразнай арганізацыі людзей, і бессэнсоўна збірацца ў розных мікрараёнах. Збярэцца з мікрараёна чалавек 20, не больш. Павінна быць адно месца збору, куды ўсе прыйдуць, і тады будзе шмат людзей. А сэнсу, што там –  20 чалавек, у іншым мікрараёне – 20 чалавек, яны разам не збяруцца, і выніку ніякага не будзе.

Не забыліся пратэстуючыя і пра расстралянага падчас жнівеньскіх пратэстаў Генадзя Шутава. Яны ўсклалі кветкі на месцы таго здарэння. Па інфармацыі ад праваабаронцаў «Вясны» і ў прыватнасці ад Уладзіміра Вялічкіна, у Берасці ў нядзелю былі затрыманыя не менш за 20 чалавек. Сярод іх і два журналісты-фрылансеры: Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава. Абодвух даставілі ў Ленінскі РАУС горада Берасця.

Беларускае Радыё Рацыя