Марш і мітынг у чарговыя ўгодкі катастрофы на ЧАЭС праводзіцца не будуць



Арганізацыйны камітэт акцыі „Чарнобыльскі шлях”, прымеркаванай да гадавіны катастрофы на ЧАЭС, сёлета не абмяркоўваў правядзенне ў Менску традыцыйных маршу і мітынгу 26 красавіка ў сувязі з пандэміяй COVID-19, паведаміў БелаПАН старшыня руху „За Свабоду” Юрый Губарэвіч.

У ранейшыя гады арганізацыяй вулічнай акцыі ў дзень чарнобыльскай катастрофы апрача руху „За Свабоду” займаліся Беларуская партыя „Зялёныя” (БПЗ), рух салідарнасці „Разам”, Аб`яднаная грамадзянская партыя, Партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”.

„Ніякіх мерапрыемстваў не будзе, — заявіў Губарэвіч. — Логіка і цвярозы розум падказваюць, што выхад людзей на вуліцу на „Чарнобыльскі шлях” недарэчны. Нарадаў аргкамітэта, па меншай меры што да пытання правядзення маршу, не было, гэтае пытанне не абмяркоўвалася. Экалагічныя арганізацыі будуць рабіць свае традыцыйныя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай падзеі”.

Беларуская антыядзерная кампанія, у якую ўваходзяць БПЗ, грамадскае аб`яднанне „Экадом”, ініцыятыва „Астравецкая атамная — гэта злачынства”, рух „Навукоўцы за бяз`ядзерную Беларусь” і іншыя, у распаўсюджанай 20 красавіка заяве адзначыла немэтазгоднасць правядзення вулічнай акцыі „Чарнобыльскі шлях” у сувязі з эпідэміяй COVID-19.

„Мы бачым немагчымымі арганізацыю і правядзенне вулічнага маршу і іншых вочных масавых мерапрыемстваў, таму што гэта можа паставіць пад рызыку не камфорт чыноўнікаў, якія прымаюць недальнабачныя рашэнні з нагоды наступстваў Чарнобыля або пуску БелАЭС, а здароўе і жыцця грамадзян, — гаворыцца ў дакуменце. — Мы таксама занепакоеныя тым, што рэальная эпідэміялагічная карціна аб распаўсюджванні COVID-19, як і наступствы Чарнобыля, і парушэнні пры будаўніцтве Астравецкай АЭС старанна ўтойваюцца беларускімі ўладамі, эфектыўных мер не прымаецца, а грамадзяне пастаўленыя пад недапушчальную рызыку”.

„У той жа час важна памятаць пра чарнобыльскую трагедыю і, разам з тым, рабіць усё магчымае для недапушчэння пуску Астравецкай АЭС у існых умовах. Традыцыйныя акцыі і мерапрыемствы чарнобыльскага тыдня сёлета мы праводзім у анлайн-фармаце”, — адзначылі аўтары заявы.

22 красавіка ў 20.00 пачнецца анлайн-прагляд карціны „Сталкеры Чарнобыля: даследчыкі постапакаліпсісу”. У фільме паказана, як „праект „Культура Супраціву” даследуе падпольнае жыццё чарнобыльскай зоны адчужэння, якая апошнім часам прыцягвае ўсё больш аматараў экстрэмальных відаў спорту і турызму”.

23 красавіка на сайце ГА „Экадом” адбудзецца запуск серыі з пяці падкастаў „Асадачак застаўся” аб праблемах АЭС, наступствах чарнобыльскай аварыі, гісторыі пратэстнага антыядзернага руху.

Апоўдні 24 красавіка пачнецца анлайн-дыскусія „Эканоміка БелАЭС — ці выгадны пуск?”. Для ўдзелу неабходная рэгістрацыя.

26 красавіка ў 20.00 стартуе анлайн-абмеркаванне згаданага фільма „Сталкеры Чарнобыля…” з рэжысёрам Іярай Лі. Акрамя таго, у межах анлайн-сустрэчы спецыяліст па радыяцыі і здароўі некамерцыйнай арганізацыі Beyond Nuclear (ЗША) Сіндзі Фолкер і сустаршыня расійскай грамадскай арганізацыі „Сацыяльна-экалагічны саюз” Віталь Сярветнік раскажуць пра асноўныя праблемы атамнай прамысловасці.

belapan.by