Марш міру ў Глыбокім
У Глыбокім адбыўся чарговы мірны мітынг супраць фальсіфікацыі выбараў, гвалту ўладаў і ў знак салідарнасці з неабыякавымі беларусамі да таго, што адбываецца ў краіне. Гэтым разам мітынгоўцы рушылі ад вялікага нядзельнага рынка да цэнтра горада і прайшліся па мікрараёну малочна-кансервавага камбіната. Іх віталі жыхары горада заклікамі «Жыве Беларусь!», узнятымі ўверх рукамі, таксама сігналілі шматлікія аўтамабілісты.
Глыбачане распавядаюць, чаму выйшлі на мітынг:
– Мы супраць цяперашняй улады.
РР: А чым яна вам не падабаецца?
– Збівае людзей, ды і надакучыў ужо за 26 год, пара ўжо мяняць.
– Мы супраць гвалту, супраць падману. Я раней не зусім была супраць палітыкі Лукашэнкі, але пасля таго, што ён зрабіў, катэгарычна супраць. Гэты гвалт, людзі пацярпелі ў вялікай колькасці. Гэта ў наша сучаснае стагоддзе неймаверна як сябе мог паводзіць прэзідэнт.
Маладыя мінакі і людзі сярэдняга ўзросту на вуліцах і глыбачане са шматпавярховых дамоў з радасцю віталі пратэстоўцаў. Незадаволенымі былі ў асноўным жанчыны-пенсіянеркі, частка з іх была нападпітку, яны выкрыквалі ў след мітынгоўцаў абразлівыя словы.
– Сыдзе гэты Лукашэнка, вось такая «шваль», вось гэты бруд прыпаўзе ў Беларусь.
РР: Так я пачула, вы назвалі людзей «шваллю»? Тут ёсць настаўнікі, прадпрымальнікі.
– Якія ходзяць з такімі сцягамі – гэта самы бруд.
– Дрэнна стаўлюся, не трэба мне такі цуд у нас у Беларусі. Мы мірныя, і не трэба нас падзяляць на такіх і такіх.
Міліцыянты папярэдзілі мітынгоўцаў пра тое, што акцыя недазволеная глыбоцкімі ўладамі і яны могуць быць прыцягнутыя да адказнасці. Людзей здымалі на камеру цітушкі.
Напрыканцы акцыі мітынгоўцы запусцілі на цэнтральнай плошчы горада ў паветра бел-чырвона-белыя балонікі з гістарычным нацыянальным беларускім сцягам.
Глыбачане збіраюцца і надалей ладзіць мірныя акцыі салідарнасці.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя