Марш мудрасці ў Менску
У Менску прайшоў чарговы Марш пенсіянераў. Людзі сабраліся на плошчы Незалежнасці, крыху паспрачаліся з удзельнікамі праўладнага мітынгу адстаўнікоў і рушылі праспектам Незалежнасці, дайшоўшы да плошчы Якуба Коласа.
Так калона ўдзельнікаў маршу пенсіянераў выглядала з вышыні. Відэа знята паміж плошчай Перамогі і плошчай Якуба Коласа.
Колькасць удзельнікаў маршу тым часам вырасла да некалькіх тысяч. Дэманстранты — у асноўным людзі пенсійнага ўзросту — ідуць па левай частцы праспекта Незалежнасці. Іх вітаюць прахожыя і аўтамабілісты.
Фота nashaniva.by
***
Колькасць удзельнікаў Маршу мудрасці вырасла як мінімум да тысячы.
Дэманстранты ненадоўга спыніліся каля будынка КДБ, чакаючы хвост калоны, і рушылі далей у бок Кастрычніцкай плошчы. Яны ідуць з кветкамі, бел-чырвона-белымі сцягамі і такімі ж парасонамі. Скандуюць „Жыве Беларусь!”, „Верым, можам, пераможам!”, „Выпускай!”, „Лукашэнку ў аўтазак!”, „Караева пад суд!”, „Трыбунал!”. У калоне ёсць плакаты з надпісамі: „Мы за сумленныя выбары”, ” Мы не рабы, пенсіянеры з моладдзю!”, „Нашы бацькі перамаглі фашызм, мы пераможам Лукашэнку”.
Машыны, якія праязджаюць міма, сігналяць калоне.