Марш «недармаедаў» у Берасці
Назіральнікі ацэньваюць колькасць удзельнікаў берасцейскага маршу па-рознаму: ад 500 чалавек да некалькіх тысяч. З іх толькі 300 змаглі трапіць у канферэнц-залу Берасцейскага гарадскога выканаўчага камітэта. Тым, каму не хапіла месца ў залі, прайшліся разам з анархістамі, якія прыехалі з Менску, пад чорнымі сцягамі па цэнтральных вуліцах горада.
Старшыня гарвыканкаму Аляксандр Рагачук лічыць, што ў часе мітынгу планавалася правядзенне правакацый, якія не былі даведзены да лагічнага завяршэння:
– Гэта такі правакацыйны складнік, гэта не наш зварот. Сам прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі сказаў, што гэта правакатары, якія прыехалі да нас з іншых рэгіёнаў. Правакацыі, яны былі і будуць, таму трэба ставіцца да гэтага адпаведна з заканадаўствам і паступаць адпаведна з заканадаўствам.
Анархісты разам з удзельнікамі акцыі хацелі перакрыць праспект Машэрава, але вырашылі мірна разысціся да наступнага масавага мерапрыемства. Міліцыя не перашкаджала Маршу недармаедаў, інфармацыі пра затрыманых падчас акцыі няма.
* * *
У Берасці прадстаўнікі мясцовай улады пайшлі на саступкі. Яны гатовыя данесці пазіцыю народу за адмену Дэкрэту №3 да кіраўніцтва краіны. Мінімальнае, што яны абяцалі зрабіць, – гэта пераглядзець або часова спыніць дзейнасць нарматыўнага дакумета, увесці на яго мараторый.
Старшыня Берасцейскай гарадской арганізацыі Аб’яданнай грамадзянскай партыі, адна з арганізатараў акцыі Дыяна Касцюковіч распавяла, што яна да апошняга моманту не верыла ў магчымасць канструктыўнага дыялогу:
– Сустрэча была доўгай. На ёй прысутнічалі не проста мінакі, якія ішлі па вуліцы, а людзі зацікаўленыя, якія ўжо былі гатовыя да сустрэчы, сфармулявалі свае пытанні, і я лічу, што сустрэча прайшла канструктыўна, і гэта першая такая сустрэча ў маім жыцці.
Як адзначыла Дыяна Касцюковіч, вырашаць пытанне з адменай Дэкрэту №3 неабходна ў мірнай форме, без парушэння грамадскага парадку і затрымання актывістаў.
***
Акцыя пратэсту закончана. Аляксандр Кабанаў аб’явіў, што наступная акцыя адбудзецца ў Пінску ў наступную суботу, заклікаў падтрымаць жыхароў Пінска.
Артур Фінкевіч паведаміў, што сёння ён з паплечнікамі наведаў у псіхіятрычнай лякарні Наталлю Папкову, да яе не ўжываліся ніякія лекі, сама яна галадае, але галоўны ўрач паабяцаў, што заўтра Наталля пакіне лякарню.
Шэсце прайшло вуліцай Савецкай, выйшлі да ЦУМа. Анархісты на некалькі хвілін перакрылі вуліцу Машэрава — галоўную магістраль горада.
З месца падзеі перадае наш карэспандэнт Аліса Поль:
– Скончана сустрэча пратэстоўцаў з берасцейскімі ўладамі. Па выніках сустрэчы была прынятае рашэнне аб стварэнні группы для перамоваў адносна ўвядзення мараторыя на дэкрэт №3. Папярэдне вядома, што наступная сустрэча будзе арганізавана літаральна праз тыдзень. Магчыма, што ў ёй прымуць удзел таксама лідары БСДП(Г), партыі БНФ, партыі левых “Справядлівы свет”. Аляксандр Рагачук запрашаў таксама да дыялогу прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў і грамадскай супольнасці. Частка людзей, якая засталася на плошчы перад гарвыканкамам, прайшла маршам па вуліцы Савецкай.
Анархісты пачынаюць шэсце. Людзі рухаюцца вуліцай Савецкай. Іх каля тысячы чалавек. Скандуюць: «Не дэкрэту нумар тры, Лукашэнка сыходзь!», „Жыве Беларусь!”. «Не хотим платить ворам, паразитам и ментам», — скандуе народ з падачы анархістаў.
Перад гарвыканкамам працягваюцца выступы. Людзі скардзяцца, што ў горадзе няма працы.
Паступіла прапанова прайсці маршам па Савецкай вуліцы. Людзі кажуць, што нельга раздзяляцца і трэба застацца чакаць тых, хто ў залі.
Паліна Шарэнда, жонка затрыманага за мінулы марш Андрэя Шарэнды, са слязамі ў голасе заклікала заўтра а 12-й прыйсці ў суд падтрымаць яе мужа. Яна таксама заклікала змагацца аж да адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.
Мітынгоўцы скандуюць: „Хватит бояться – пора сопротивляться!”.
Удзельнікі акцыі пратэсту прыйшлі да будынка гарвыканкама. Часта пратэстоўцаў пайшла на перамовы з абласной уладай. Тыя, хто не пайшоў на перамовы, праводзяць мітынг на плошчы.
Людзі ў чорных масках разгарнулі расцяжку на ганку: «Чыноўнік — галоўны дармаед». «Сапраўдныя дармаеды — гэта чыноўнікі» — з мегафонам звяртаюцца людзі ў масках. Просты рабочы выступіў і сказаў: «Я увесь час працаваў, а цяпер плаціць падатак? Не!».
З месца падзеі перадае наш карэспандэнт Аліса Поль:
– На плошчы на пачатку сабралося каля 200 чалавек. Затым пратэстоўцы пайшлі да будынка гарвыканкама на сустрэчу з мясцовымі ўладамі. На прыступках каля выканаўчага камітэта пратэстоўцы падзяліліся на дзве часткі – адна частка засталася на вуліцы на чале з анархістамі, іх каля 20 чалавек, яны прыехалі з Менску, выступаюць супраць палітыкаў, супраць нейкіх перамоваў з уладай. Каля 300 чалавек пайшлі ў гарвыканкам на перамовы з уладай. Там адбывалася сустрэча са старшынём Аляксандрам Рагачуком. У форме свабоднага мікрафона яму задавалі пытанні. Ён спрабаваў на іх адказаць. У залі было шмат абураных людзей.
***
У Берасці праходзіць чарговая вулічная акцыя супраць дэкрэту № 3 — так званага «падатку на дармаедcтва». Галоўны арганізатар акцыі — актывіст АГП з Бярозы Аляксандр Кабанаў. Збор удзельнікаў быў прызначаны апоўдні на плошчы Леніна.
Няглядзечы на пераслед берасцейскіх актывістаў, якія актыўна прымалі ўдзел у папярэднім маршы недармаедаў, акцыя ўсё ж такі адбылася.
Нагадаем, што пазаўчора былі затрыманыя Наталля Папкова, якую даставілі ў псіхіятрычную лякарню, і Андрэй Шарэнда. Лідараў Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку і Хрысціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага сёння затрымалі па дарозе ў Берасце, каля Івацэвічаў.
Але гэтыя рэпрэсіўныя захады не перашкодзілі людзям сабрацца на плошчы Леніна і выказаць свой пратэст. У акцыі ўдзельнічае па розных падліках ад 200 да 300 чалавек.
З месца падзеі перадае наш карэспандэнт Аліса Поль:
– На плошчы знаходзіцца некалькі сотняў чалавек. Але складана палічыць, хто з іх менавіта прыйшоў на акцыю, паколькі тут арганізаванае свята для дзяцей. Ніякіх правакацый з боку супрацоўнікаў сілавых органаў пакуль не ажыццяўляецца. Але бачна, што прысутнічае некалькі дзясяткаў чалавек, апранутых у цывільнае, хутчэй за ўсё гэта супрацоўнікі міліцыі, магчыма нейкая служба бяспекі. Акрамя таго на акцыю змог патрапіць Аляксандр Кабанаў. Сярод выступоўцаў – Уладзімір Вуек, магчыма будзе Ірына Лаўроўская, а таксама Валянцін Лазарэнкаў. Паступіла таксама інфармацыя пра тое, што магчыма адбудзецца сустрэча са старшынём Берасцейскага выканаўчана камітэта.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота racyja.com i svaboda.org