Марш пенсіянераў у Менску



На Маршы пенсіянераў затрымалі Валянціну Няхай. Распавядае лідар ініцыятывы пенсіянераў «Наша пакаленне»: «Мы былі наперадзе калоны, і пасля таго як нас адсеклі каля цырка, мы пайшлі ў парк Янкі Купалы. Нас было трое, і ў аднаго з нас быў плакат „З намi Бог”. Пад’ехаў мікрааўтобус, забраў толькі Валянціну, па сутнасці адсунуўшы нас».

А бусы сілавікоў ўсё яшчэ стаяць каля Опернага, хоць там ужо нікога няма.

* * * 

Групы ўдзельнікаў Марша працягваюць гуляць па цэнтры горада.

16.19. А Марш пенсіянераў тым часам працягваецца. Астатняя частка калоны перасекла Камуністычную і ідзе па Куйбышава ў бок Купалы.

* * * 

Невялікая колькасць удзельнікаў маршу пенсіянераў змагла дайсці да плошчы Перамогі, дзе іх сталі затрымліваць сілавікі.

* * * 

Мяркуючы па ўсім, марш пенсіянераў у Менску паступова заканчваецца. Яго ўдзельнікі разыходзяцца з парку да Нямігі і на прыпынкі транспарту. Частка калоны рухаецца па вуліцы Камуністычнай, супрацоўнікі ДАІ на 10-15 хвілін перакрылі рух па Багдановіча, але зараз ён зноў адкрыты.

Невялікая частка калоны ўсё ж дайшла да плошчы Якуба Коласа.

* * *  

Аднаго з удзельнікаў маршу пенсіянераў з вялікім сцягам затрымалі на плошчы Перамогі – «зацягнулі ў бус». Але бабуль, якія яго абаранялі, затрымліваць не сталі.

Тая частка калоны, якая сышла ў парк, стаіць ля фантана і крычыць: «Жыве Беларусь!». Сцягі пакуль не згорнутыя. Пасля гэтага частка людзей вырашыла пайсці да Опернага, астатнія разышліся па дарожках парку. Праз ачапленне іх прапускаюць, машыны сігналяць у падтрымку. За людзьмі да Опернага паехалі і бусы з сілавікамі.

***

Калона ўдзельнікаў маршу пенсіянераў пасля перасячэння кардона ля цырка разбілася на дзве, паведамляюць відавочцы. Адна пайшла па праспекце Незалежнасці, іншая згарнула да Опернага. Аднак тую частку калоны, якая пайшла па праспекце, вельмі хутка акружылі і не далі прайсці далей. Людзі пайшлі ў парк, за імі рушылі і сілавікі. Частка людзей з хваста калоны вярнулася назад.

***

Да пенсіянераў  далучыліся і медыкі.

***

У Менску пачаўся ўжо традыцыйны панядзелкавы марш пенсіянераў. Яго ўдзельнікі рухаюцца па праспекце Незалежнасці.

Чытачы паведамляюць, што іх у рупар просяць разысціся і кажуць, што мерапрыемства не санкцыянавана. Рух цалкам перакрыты на двух палосах.

tut.by