„Марш справядлівасці” ў Берасці
У Берасці прайшоў „Марш справядлівасці”, які адзначыўся жорсткасцю сілавікоў і затрыманнямі мірных пратэстоўцаў.
* * *
17.15. Людзі рушылі на АМАП і адцяснілі групу сілавікоў назад. Пры тым народ скандаваў „Уходи!”.
У час разгону пратэстоўцаў у Берасці сілавікі дзеілі надзвычай жорстка. Супраць мітынгоўцаў быў ужыты слезацечны газ. Адбыліся сутычкі, у сілавікоў паляцелі бутэлькі, а душыцелі пратэсту зрабілі папераджальны стрэл у паветра.
16.37. Калона рушыла ў процілеглы ад таніраваных бусаў бок (да вуліцы Пушкінскай) і бусы адразу з’ехалі.
16.24. Бусы пад’ехалі да кінатэатра „Беларусь”. Некалькі дзясяткаў дэманстрантаў заціснутыя паміж кінатэатрам „Беларусь” і помнікам 1000-годдзя Берасця. Па словах відавочцаў, тых, каго не ўдавалася выдраць са счэпкі, залівалі „пярцоўкай”.
16.15. Некалькі дзясяткаў пратэстуючых слухаюць ТОР-бэнд і пляскаюць у далоні, бусы з’ехалі.
16. 01. Тры таніраваныя бусы, што знаходзіліся каля будынка РАУС Берасцейскага раёна, праехалі па вуліцы Гогаля ў бок Савецкай. Ля помніка 1000-годдзя ў гэтыя хвіліны адбываецца „хапун”. Людзі скандуюць: „Фашысты!”. З бусаў выйшлі ўзброеныя людзі.
* * *
15. 44. Калона пратэстоўцаў рушыла ад фантана на Савецкай у бок плошчы Свабоды. Відавочцы паведамілі пра дзясяткі затрыманых яшчэ ў пачатку маршу на праспекце Машэрава.
Пратэстоўцы пляскаюць у далоні, ёсць адзін бел-чырвона-белы сцяг ля кінатэатра „Беларусь”. Каля сотні берасцейцаў на Савецкай скандуюць „Сыходзь!”
Ля Берасцейскага РАУСа таніраваныя бусы і аўтазак.
На Савецкай ля „Белтэлекама” спецтранспарт МУС.
Каля сотні берасцейцаў калонай ідуць па Машэрава ў бок бульвара. Ёсць некалькі бел-чырвона-белых сцягоў.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце