Маршам Свабоды адзначылі дзень нараджэння дыктатара



30 жніўня адбыўся чарговы, ужо 3-ці Марш Свабоды ў Менску. Нядзельны Марш прыпаў на дзень народзінаў дыктатара Беларусі. З гэтай нагоды беларусы вырашылі прайсціся шэсцем да Палаца Незалежнасці.

Людзі з усяго Менска пачалі сцякацца ў перакрыты цэнтр горада. Плошчу Незалежнасці і праспект заблакаваў кардон АМАП-у. У цэнтры горада, пераважна на вуліцы Няміга, на Верхнім горадзе і мосце ўтварыўся вялікі натоўп, які рушыў у бок Стэлы.

Па вуліцы Няміга праехаўся аўтамабіль з афіцыйным чырвона-зялёным сцягам, сцягам Расеі і “Георгіеўскім”, які стаў сімвалам сепаратысцкіх вайсковых фармаванняў ДНР-ЛНР на Данбасе. Аўто суправаджалася міліцэйскімі бусікамі.

Мітынг не абышоўся без эпатажных флэшмобаў. Група моладзі прайшліся з труною з надпісам “дыктатура”, пасля чаго выкінулі яе ў сметнік. Нагадаем, што падобную акцыю з труной зладзіў Моладзевы Блок на 9 траўня, калі прэзідэнт падчас пандэміі каронавіруса зладзіў парад перамогі.

Перад Стэлай гурт “Стары Ольса” зладзіў спевы і танцы, былі выкананая народная музыка, музыкі гралі на дудзе ды барабанах.

На акцыі было вельмі шмат цікавых плакатаў і касцюмаў. Плакат “Чаго хочуць жанчыны?”, які адсылае да ўчорашняга маршу жанчынаў.

Плакат “Прыцэльвайся больш трапна” з партрэтам дзеючага кіраўніка краіны.

На акцыі быў заўважаны папулярны беларускі блогер “Trash Smash” з касцюмам Рыка з мультфільма “Рык і Морці”, а таксама касцюм Воланда.

 Беларускі блогер у касцюме “Рыка” і Воланд

Каля Стэлы сілавікі, хутчэй за ўсё маладыя прызыўнікі ў войска, ахоўвалі Музей Вялікай Айчыннай Вайны за калючым дротам. Гучала савецкая і расейская папулярная музыка, прызыўнікі паводзілі сябе стрымана. Іх акрыквалі рознымі лозунгамі “Ганьба”, “Вы давалі прысягу народы” і тд.

Заўважым, што паводле заканадаўства прызыўнікі з баявой зброяй не маглі перайсці на бок народа, паколькі абавязаныя абараняць сваю зброю. Тым не менш, у першыя дні пратэста міліцыянты актыўна пераходзілі на бок народа.

Натоўп ад Стэлы рушыў у бок Палаца Незалежнасці. Перад самім палацам выстроійся кардон міліцыі і спехтэхнікі. Мітынгоўцы былі папярэджаныя міліцыяй пра “несанкцыянаваную акцыю”, але народ гучна крычаў і заглушыў рупары сілавікоў. Пастаяўшы каля гадзіны перад кардонам міліцыі, пачаўся дождж і народ пакрысе пачаў вяртацца ў цэнтр гораду.

Беларускае Радыё Рацыя