Марцін Сайдзік: Канчатковай дамовы адносна абмену палоннымі не дасягнулі



Бакі канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны пакуль не вызначылі дату пераднавагодняга абмену палоннымі, паведаміў журналістам спецыяльны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік 5 снежня па выніках чарговага раўнда перамоў у Менску трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе.

„Сёння рабочая група па гуманітарных пытаннях абмеркавала некаторыя тэхнічныя пытанні. Бакі яшчэ не вызначылі дату абмену, аднак абавязаліся зрабіць яго да навагодніх і калядных свят”, — сказаў Сайдзік. Нагадаем, на папярэднім пасяджэнні кантактнай групы 29 лістапада прадстаўнікі бакоў пацвердзілі свой намер ажыццявіць абмен палоннымі да канца 2017 года.

Дыпламат адзначыў, што, паводле дадзеных Спецыяльнай маніторынгавай місіі (СММ) АБСЕ, у апошні час колькасць парушэнняў рэжыму спынення агню на паўднёвым усходзе Украіны застаецца на высокім узроўні. „Таму сёння, як і на мінулым пасяджэнні, пытанні бяспекі цывільнага насельніцтва ў зоне канфлікту і захавання рэжыму спынення агню зноў былі аднымі з прыярытэтных для кантактнай групы і яе рабочай групы”, — падкрэсліў Сайдзік. Паводле яго слоў, удзельнікі перамоў у чарговы раз падкрэслілі неабходнасць няўхільнага захавання рэжыму спынення агню, што асабліва важна ў непасрэднай блізкасці ад ключавых аб’ектаў цывільнай інфраструктуры.

Пасол праінфармаваў, што на сустрэчы рабочай групы па пытаннях бяспекі былі пацверджаны гарантыі бяспекі падчас правядзення рамонтных работ драўляных канструкцый падыходу да моста ў пункце пропуску Станіцы Луганскай 9 і 10 снежня. Для забеспячэння зручнасці і хуткасці рамонтных работ пункт пропуску ў Станіцы Луганскай у гэтыя дні будзе закрыты. З мэтай арганізацыі бяспекі насельніцтва рабочая група адзначыла „праведзеную працу па ачышчэнні ад расліннасці і па размініраванні ва ўсіх пунктах пропуску, уключаючы Залатое”. Сайдзік паведаміў, што гэтыя работы будуць завершаны да 20 снежня. Акрамя таго, падгрупа абмеркавала пытанні, звязаныя з развядзеннем сіл і сродкаў і адводам цяжкага ўзбраення.

Эканамічная рабочая група працягнула абмеркаванне пытання пагашэння запазычанасці за пастаўленую ваду і заключэння кантрактаў на будучыя пастаўкі вады на Данбасе. Паводле слоў прадстаўніка АБСЕ, падгрупа таксама прасунулася ў распрацоўцы магчымых працэдур для пагашэння запазычанасці былым супрацоўнікам Украінскай чыгункі ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей.

Падгрупа па палітычных пытаннях, заявіў Сайдзік, працягнула абмеркаванне пытанняў, звязаных з вызначэннем мадальнасцяў так званай формулы Штайнмаера аб асаблівым статусе рэгіёну і яе будучай імплементацыі.

Апошняе ў 2017 годзе пасяджэнне кантактнай групы запланавана на 20 снежня.

belapan.by