Марыі Калеснікавай прысуджаная Штутгартская прэмія міру
Грамадзянская ініцыятыва з Германіі AnStifter узнагародзіла адну з лідарак беларускай апазіцыі за мужную барацьбу з аўтакратычным рэжымам Лукашэнкі.
Марыі Калеснікавай прысуджаная Штутгартская прэмія міру 2021 года. Пра гэта паведаміў яе заснавальнік — грамадская арганізацыя AnStifter — позна ўвечары ў панядзелак, 12 ліпеня. У абгрунтаванні пастановы гаворыцца, што Калеснікава ўзнагароджваецца за мужную барацьбу з аўтакратычным рэжымам Лукашэнкі і за праваабарончую дзейнасць, піша Deutsche Welle.
Марыя Калеснікава, якая 12 гадоў жыла ў Штутгарце, у 2020 годзе вярнулася ў Беларусь, дзе стала каардынатарам штабу апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыка, адзначаецца ў абгрунтаванні. Пасля яе арышту ў верасні 2020 года яна стала адной з ключавых фігур пратэсту супраць рэжыму Лукашэнкі.
У траўні 2021 года Калеснікавай былі прад’яўленыя абвінавачанні па артыкулах пра заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі, пра змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, а таксама аб стварэнні экстрэмісцкага фармавання. Паводле інфармацыі штаба Бабарыка, ёй можа пагражаць да 12 гадоў турмы.
Афіцыйная цырымонія ўзнагароджання прэміяй у памеры 5000 Еўра адбудзецца 19 снежня. Штутгартская прэмія міру заснаваная грамадзянскай ініцыятывай AnStifter за асаблівыя заслугі ў дасягненні міру, справядлівасці і салідарнасці.