Марына Адамовіч: Аварыя – чыстая выпадковасць
Марына Адамовіч, жонка палітзняволенага, былога кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Мікалая Статкевіча, якая ўвечары 29 красавіка трапіла ў сур’ёзную аварыю, ужо перавезеная з бальніцы ў пасёлку Круглае ў Менск. Яна і адвакат Аляксандр Галіеў вярталіся са Шклова, дзе адвакат наведаў калонію №17 і сустрэся са Статкевічам. Зараз Марына Адамовіч знаходзіцца дома. Пераломаў, па яе словах, няма. Аднак патрэбнае больш дэтальнае даследаванне.
– Лабавое сутыкненне. Машына выязджала з другаснай дарогі, мабыць мяне не заўважыла. Мы вярталіся са Шклова. Усе жывыя, дзякаваць Богу. Месца там такое, што я не здзіўляюся, што мяне не заўважыў. Ён з леса выязджаў, а я з-пад горкі падымалася. На маёй паласе, на маёй галоўнай дарозе. Але ж ДАІ будзе разбірацца. Прыходзілі ў бальніцу ўчора.
Марына Адамовіч катэгарычна абвяргае магчымасць, што аварыя магла быць наўмысна справакаванай. „Няма канспіралагічных тэорый – гэта абсалютная выпадковасць”, – сцвярджае яна.
Найбольш Адамовіч засмучана тым, што 4 траўня ў калоніі адбудзецца суд, які можа змяніць умовы ўтрымання Мікалая Статкевіча і перавесці яго ў турму строгага рэжыму. Аднак, нягледзячы на праблемы са здароўем пасля аварыі, Адамовіч плануе на ім прысутнічаць.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя