Марына Адамовіч: Хлопцы трымаліся вельмі годна



Сяргея Ціханоўскага асудзілі да 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Арцёма Сакава і Дзмітрыя Папова да 16 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Ігара Лосіка і Уладзіміра Цыгановіча да 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а Мікалаю Статкевічу прысудзілі 14 гадоў пазбаўлення з волі. Яго жонка Марына Адамовіч пасля суду адзначыла, што ўпэўнена, хлопцы не адседзяць гэтыя тэрміны.

У эфіры Радыё Рацыя з Марынай Адамовіч на гэты конт размаўляў наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.

Марына Адамовіч

РР: Вы сказалі, што вельмі мала інфармацыі пра гэты судовы працэс. Раскажыце пра вашы адчуванні і ўражанні, як гэта праходзіла. І што ўвогуле можна на гэты момант расказаць?  

Марына Адамовіч: Гэта выглядала прыблізна так, як і пачатак суда – з вялізарнай колькасцю АМАПу, таніраваных бусікаў, аўтобусаў і так далей, з павышанымі мерамі бяспекі, з перакрытым доступам супрацоўнікамі ДАІ. Пры закрытым працэсе абвяшчаецца толькі рэзулятыўная частка, то бок каму і колькі год прысудзілі. Таму гэта цягнулася нядоўга. Нас, на вялікі жаль, запусцілі ў залу пасяджэння апошнімі. Мабыць, гэта было зроблена адмыслова, каб мы мінімальна бачыліся з нашымі блізкімі. Яны сядзелі за нашымі спінамі ў клетцы з акаванымі рукамі кайданкамі ў атачэнні велізарнай колькасці супрацоўнікаў АМАПу, хутчэй за ўсё, бо чорная форма.

Суддзя проста агучыў прысуд, але хлопцы трымаліся вельмі годна, усе, без выключэння. Яны па-сутнасці вялі рэй, яны навязвалі свой парадак, яны заяўлялі, што гэты суд незаконны і што гэты прысуд ніколі не ўступіць у сілу, бо не можа ўступіць у сілу незаконны прысуд. Мікалай выгукнуў “Жыве Беларусь!”, потым выгукнуў Сяргей Ціханоўскі. Яны сапраўды выглядаюць упэўнена, прыгожа, годна ўсе, без выключэння.

Сяргей Ціханоўскі і яшчэ хтосьці з хлопцаў, даруйце, ужо не памятаю, павярнуліся спінай да суддзі падчас агалошання прысуду. Мікалай не ўставаў, ён запатрабаваў, каб гэтыя АМАПаўцы адсунуліся, каб ён мог бачыць мяне.

Затое была вялікая колькасць прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ, якія проста не давалі праходу ні нам, ні дыпламатам, якія прыехалі нас падтрымаць, за што я ім вельмі ўдзячна. Гэтыя журналісты тыкалі сваімі мікрафонамі нам у твар, сацыяльнага дыстанцыявання яны проста не ведаюць. Яны ўсе, безумоўна, патрапілі ў залу пасяджэння яшчэ да абвяшчэння прысуду.  

РР: Ці атрымалася хоць позіркам сустрэцца са спадаром Мікалаем?  

Марына Адамовіч: Безумоўна, Мікалай, па-першае, сказаў, што калі зараз вось гэты АМАПавец не адыдзе і будзе замінаць яму глядзець на жонку, то ён здолее ўчыніць варты скандал. Безумоўна, я ўвесь час глядзела на яго, а ён глядзеў на мяне.  

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:  

Суд над Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Міколам Статкевічам, Уладзімірам Цыгановічам, Дзмітрыем Паповым і Арцёмам Сакавым пачаўся амаль паўгода таму, 24 чэрвеня 2021 года, і праходзіў у закрытым рэжыме. Адвакаты далі падпіску аб неразгалошванні, таму пра акалічнасці працэсу нічога не было вядома, як не было вядома і пра выстаўленыя артыкулы. Прычым усе асуджаныя былі затрыманыя ў траўні-чэрвені 2020 года, яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў.  

Беларускае Радыё Рацыя