Марына Касінерава: Кожны вязень мае права на ліставанне
Ці варта баяцца пісаць лісты да палітвязняў? А наколькі бяспечна пазначаць сваё імя, прозвішча і хатні адрас? Як можна абмінуць цэнзуру пры адпраўцы першай карэспандэнцыі за краты? Над такімі пытаннямі разважала нашая сённяшняя Госця Рацыі – прадстаўніца ініцыятывы дапамогі палітзняволеным у Беларусі dissidentby Марына Касінерава ў гутарцы з Алісай Поль.
РР: Ці можна зараз ліставацца з палітвязнямі? Забаронена ці не забаронена рабіць гэта ў Беларусі ці па-за межамі Беларусі? І на колькі даступны зараз гэты працэс?
Марына Касінерава: Гэта, вядома, не забаронена, бо кожны вязень мае права на ліставанне. Тое, што яго абмяжоўваюць, гэта выключна псіхалагічнае катаванне, ціск на чалавека, які пераследуецца па палітычных матывах. Таму пытанне толькі ў тым, што мы можам з гэтым рабіць і ці варта працягваць ліставацца. Я заўсёды прытрымліваюся такой пазіцыі, што заўсёды варта, бо гэта паказвае і адміністрацыі, што на чалавека не забыліся. І сапраўды некаторыя лісты праходзяць і праскокваць праз цэнзуру. І гэта можа быць той самы ліст, які дапаможа і выратуе чалавека.
Мы шмат камунікуем з тымі палітвязнямі, якія вызваліліся, якія адбылі цалкам свой тэрмін. Нядаўна ў нас быў такі стрым з дзяўчынамі. Ганна Баран казала, што заўсёды важна, і было такое і ў яе, яна сядзела ў ШІЗА, і часам усіх накрывае нейкая дэпрэсія ад таго, што ўсё навокал дрэнна. І кажа, што ёй там дайшоў нейкі адзін ліст, што нейкая бабуля засушыла для яе кветкі і напісала, што гэта выключна для яе. Яна хадзіла, збірала, сушыла. І яна сказала, што дзякуючы гэтаму змагла проста справіцца з такім сваім становішчам і проста перажыць гэтае чарговае змяшчэнне ў ШІЗА ці нейкія такія чорныя моманты ў сваім жыцці, калі яна знаходзілася ў зняволенні. Таму гэта важна.
Таксама ў нас на сайце ёсць такі банк лістоў, каб людзі маглі захоўваць тое, што менавіта яны пісалі, і чалавек, які потым выходзіць, можа атрымаць гэтыя лісты і пачытаць нават пасля свайго вызвалення. І гэта таксама важна, каб чалавек бачыў, што насамрэч на яго не забываліся і падтрымлівалі. І вось гэтае сведчанне. Людзям становіцца вельмі прыемна. Яны шукаюць тых, хто ім пісаў і наладжваюць сувязі, сябруюць. І, мажліва, у іх таксама нешта змяняецца, калі яны там сядзелі. І хтосьці думаў, што нікому не патрэбны, але на самой справе гэта не так. І ў яго больш веры і натхнення рабіць нешта далей.
РР: Ці варта на адваротным лісце пазначаць імя, прозвішча, а таксама свой адрас? Ці варта за гэта баяцца?
Марына Касінерава: Думаю, што гэта залежыць ад самаго чалавека, бо прынамсі на сёння няма ніякай адказнасці за тое, што ты пішаш лісты. А мы ведаем, што да людзей могуць проста прыйсці, папужаць, выклікаць, патэлефанаваць, бо я думаю, што вядзецца асобны спіс людзей, якія пішуць палітвязням. І каб зменшыць гэтую салідарнасць, яны могуць тэлефанаваць і запужваць і г.д.
Можна скарыстаць нейкае іншае імя і адрас.
Марына Касінерава перакананая, што заўсёды варта захоўваць лісты, якія дасылаюцца да палітвязня. Часамі варта нават проста пераказаць інфармацыю да іх сваякоў, што такая карэспандэнцыя была дасланая.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя