Марына Коктыш выйграла справу супраць Беларусі ў ААН



Марына Коктыш выйграла справу супраць Беларусі ў Камітэце па правах чалавека ААН. Камітэт прызнаў, што правы журналісткі “Народнай волі” парушаныя пры адмове ёй у акрэдытацыі ў Палаце прадстаўнікоў беларускага парламента.

Атрымання такой акрэдытацыі Марына Коктыш дамагаецца пачынаючы з 2008-га года:

– Гэта вельмі прыемна, што нас пачулі, што хоць такім чынам можна абараніць свае правы, што ты маеш права, як журналістка, быць акрэдытавана ў Палаце прадстаўнікоў. Была такая рэдакцыйная палітыка, што прапаноўвалі акрамя мяне акрэдытаваць пры Палаце нейкага іншага журналіста, але мы вырашылі, што невядома на якой падставе адмоўлена, таму нікога не будзе. У нас дагэтуль няма парламенцкага аглядальніка.

Палата прадстаўнікоў адмаўляе ў акрэдытацыі намесніцы галоўнага рэдактара “Народнай волі”, спасылаючыся на рашэнне Службы бяспекі прэзідэнта. Дадзеную адмову журналістка некалькі раз абскарджвала праз суд, але безвынікова.

Праблемы з акрэдытацыяй пры беларускіх дзяржаўных органах маюць амаль усе незалежныя беларускія медыі.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск