Марына Савіцкая: Баліць цяпер за тое, каб усе былі жывыя
Госць Рацыі – Марына Савіцкая, нашая калега, якая была ўласным карэспандэнтам Рацыё Рацыя ў Кіеве.
РР: Першы дзень вайны заспеў цябе ў Кіеве, памятаеш гэты дзень?
Марына Савіцкая: Дакладна памятаю. Мне падаецца, што я вельмі добра сплю. Калі пачалася вайна, гэта быў ранак. Гэта быў час, калі ўсе спяць. Але я спала настолькі добра, што я некалькі гадзінаў не чула выбухаў, якія былі побач з маім домам. Гэта быў мой раён, гэта былі людзі, якія непадалёк ад мяне знаходзіліся, але відаць, я проста стамілася. У Кіеве ў той час вельмі шмат казалі пра тое, што будзе далей. Ніхто не верыў, што будзе вайна.
РР: Як бы добра не спалося, трэба было прачнуцца.
Марына Савіцкая: І прачнулася менавіта таму, што пачаліся званкі. Званкі з Беларусі, званкі з Украіны сяброў і знаёмых, якія пыталіся: вы там цэлыя, усё там у вас добра?
РР: Ты малады чалавек, як табе ўяўлялася вайна да гэтага часу? Нават для мяне было нечакана, што такое магло пачацца ў нас, у цэнтры Еўропы.
Марына Савіцкая: Ніхто не верыў, што будзе вайна. І я скажу шчыра, што мне было балюча нават фільмы, стужкі глядзець пра ваенныя дзеянні 40-х гадоў. І рэч у тым, што мне падавалася, што ва ўласным жыцці, на ўласным досведзе я ніколі не перажыву гэта. Таму што не будзе больш такога. 21 стагоддзе. Усе адэкватныя, здавалася, інтэлігентныя, адукаваныя людзі, якія будуць вырашаць усе спрэчкі не вайной. І калі раптам будуць нейкія ваенныя падзеі, то гэта будзе недзе ў ДНР, ЛНР, штосьці такое. Але тут высветлілася, што можа быць ўсё. Я дагэтуль не разумею, як такое здарылася. Бо добрыя не толькі горад, але і краіна. Ва Украіне неверагодныя людзі. Людзі, якія моцна абараняюцца цяпер.
РР: Украінцы сапраўды выявілі ў сабе неверагодную адвагу і жаданне змагацца са сваю зямлю. А першыя дні, якія былі ў Кіеве? Ці была паніка, ці быў страх?
Марына Савіцкая: Мне падавалася, што ўкраінцы былі быццам бы падрыхтаваныя да ваенных дзеянняў.
РР: З 2014 года напэўна псіхічна рыхтаваліся.
Марына Савіцкая: Магчыма. Таму я памятаю самы першы дзень, 24 лютага, калі я ўжо крыху ў стрэсавым стане выходзіла на вуліцу для таго, каб набыць неабходныя лекі, і я бачыла, што людзі досыць спакойныя. Некаторыя з іх ішлі з торбамі, з рэчамі, напэўна накіроўваліся ў бок вакзалу. Але не было панікі. Усё было спакойна. Акрамя гэтых вялікіх чэргаў, каб грошы памяняць і гэтак далей, бытавыя моманты вырашыць. Мне падаецца, што я перажывала нашмат больш, як гэта было ў украінцаў.
РР: Мы яшчэ не расказалі нашым слухачам, як ты апынулася ў Кіеве, як туды патрапіла.
Марына Савіцкая: Я беларуская журналістка. 10 год працавала ў прамым эфіры на радыё «Сталіца». Але ў сённяшняй Беларусі адэкватнай журналістыкі быць не можа. Ты альбо за кратамі сядзіш, альбо ты кажаш, што ў Беларусі ўсё мірна. Таму для мяне гэта быў відавочны выбар. Я вельмі люблю журналістыку, я вельмі люблю радыё, я вельмі хацела працягваць працаваць. У жніўні 2021 года я пераехала ва Украіну, планавала працаваць менавіта там, там у мяне пачалася супраца з шаноўным Радыё Рацыя. Раней я была музычным журналістам, але зараз жыццё мяне прымусіла перакваліфікавацца ў бок сацыяльна-палітычна-грамадскага журналіста. Я ніколі не думала, што буду гэтым займацца. Але гэта менавіта тое, пра што цяпер варта казаць. Таму што музыку бясконца люблю і дагэтуль, але баліць цяпер за тое, каб усе былі жывыя.
Цалкам размова:
Размаўляў Міхал Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя