Марына Савіцкая: Вельмі натхняе, што многія ўкраінцы змянілі сваё стаўленне да беларускага народу
Год таму Расея разгарнула поўнамаштабную вайну ва Украіне. Ранкам 24 лютага 2022 у Кіеве ў Галасееўскім раёне на вуліцы Васільскоўскай каля шматпавярховага дома ўпалі рэшткі збітага лятальнага апарата.
Менавіта на той вуліцы тады жыла наша карэспандэнтка Марына Савіцкая. Сёння яна прыгадвае падзеі вайны:
–Ранак 24 лютага 2022 года для мяне пачаўся даволі звыкла: мы з маім хлопцам прачнуліся не ад выбухаў, хоць яны былі ў раёне, дзе мы жылі. А мы прачнуліся ад бясконцых тэлефанаванняў. Памятаю, мой хлопец пайшоў размаўляць з нейкім па тэлефоне, а калі вярнуўся, то я па ягоным твары зразумела, што нешта адбываецца. І першая думка, якая мільгнула ў маёй галаве, – няўжо вайна? Затым былі бамбасховішчы, планаванні што і як рабіць і адаптацыя да тых умоў. Бо ты не ведаеш, што будзе ў наступную секунду. Былі вар’яцтвы на межах. Першага сакавіка я апынулася на тэрыторыі Польшчы. Цікава, што ў той час, які я правяла ва Украіне падчас вайны, у мяне ў галаве не было ніякага хаосу. Я дакладна разумела, дзе я, што я, навошта. А вось калі я прыехала ў Варшаву, там я не магла ўжо дакладна сказаць, што я ўпэўнена стаю на нагах.
Першы час было даволі складана працаваць з украінскай тэмай. Затым стала крышачку прасцей. І зараз, у гадавіну нападу, паколькі суразмоўцаў стала больш, больш прысвечаных падзей, я разумею, што Україна не можа не балець мне. Але я ўпэўнена стаю на нагах.
Здараліся за гэты час асабліва балючыя моманты. Кшталту, калі я даведалася, што загінуў Іван Брэст. Мы былі асабіста знаёмыя. Ён вельмі файны хлопец. Баліць, што Ян Тромблі (Дзюрбейка) у палоне. Таксама я асабіста знаёмая. Акурат напярэдадні вайны мы пісалі інтэрв’ю з музыкам украінскім Сяргеем Сямёнавым. 24 лютага яно павінна было выйсці, але новага інтэрв’ю з ім ужо не будзе, бо ён загінуў. Вельмі балела за людзей, якія заставаліся, але я разумела, што гэта іх выбар. І яны маюць права на яго.
Ці адчуваю я віну ці адказнасць як грамадзянка Беларусі за тое, што адбылося? Калі шчыра, то – не. Таму што тое, што мне не падабаецца, цяперашняя ўлада ў Беларусі, я пачала паказваць вельмі актыўна ў 2020 годзе. Калі я ўдзельнічала ў страйку, калі я звольнілася з Беларускага радыё праз гэта. Калі на тэрыторыі Беларусі я рабіла тое, што рабілі сапраўдныя беларусы. Калі я з’ехала з Беларусі, але працягвала выступаць супраць той улады. Мяне вельмі радуе, што мяне запрашаюць весці дабрачынныя канцэрты ў падтрымку Украіны. Такім чынам я таксама падтрымліваю Украіну. Мяне радуе, што я з’яўляюся валанцёрам на ўкраінскім радыё. І я буду працягваць рабіць тое, што ад мяне залежыць, каб Украіна і беларускі народ перамаглі. Вельмі натхняе тое, што апошнім часам многія ўкраінцы змянілі сваё стаўленне да беларускага народу.
Слава Украіне! Жыве Беларусь!
Дарэчы, у суботу, 25-га лютага, Марына Савіцкая разам з прадстаўніком “Паспалітага рушэння” Сержуком Кедышкам правядзе ў Варшаве імпрэзу, прысвечаную беларускім ваярам ва Украіне.
Падзея пройдзе ў Музеі Вольнай Беларусі.
Падчас яе адбудзецца відэарасповед пра беларускіх ваяроў, а таксама выступяць беларускія музыкі: гурты “Belarusian Truestory” і „The Superbullz”.
Уваход вольны.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя