Марына Валачкова: Некаторыя жанчыны робяць да дзесяці абортаў
У Гародні адбываецца трэці дабрачынны марафон “15 дзён у абарону жыцця і сям’і”.
Мерапрыемства сарганізавана Гарадзенскай епархіяй Беларускай праваслаўнай царквы ў супрацы з цэнтрам абароны жыцця і сям’і “РадзіМАма”.
На працягу двух тыдняў каля праваслаўных храмаў горада праводзіцца шэраг вулічных акцый пад дэвізам “Зніч памяці”, якія накіраваныя на абарону ненароджаных дзяцей.
Як зазначае кіраўнік цэнтра абароны жыцця і сям’і “РадзіМАма” Марына Валачкова, многа жанчын пазбаўляюцца ад ненароджаных дзяцей не ў апошнюю чаргу ў сувязі з цяжкім эканамічным становішчам:
– Аборты часцей за ўсё робяць маці, у якіх адзін ці двое дзяцей, проста яны не хочуць другое, не хочуць трэцяе дзіцё, бо яны хочуць добры тэлефон, добры камп’ютар, добра апрануць, абуць гэта дзіцё. Прыносім ахвяру, каб вырасціць першае і другое дзіцё, забіваюць трэцяе, чацвёртае, пятае, шостае. Некаторыя жанчыны робяць да дзесяці абортаў.
У гарадзенскіх цэрквах у межах акцыі “15 дзён у абарону жыцця і сям’і” праводзяцца малебны за ненароджаных дзецях. Арганізатары акцыі сустракаюцца ў навучальных установах з моладдзю і распавядаюць пра сямейныя каштоўнасці і небяспеку абортаў.
Дабрачынны марафон скончыцца 1-га чэрвеня – у міжнародны дзень абароны дзяцей.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня