Марына Золатава: Настрой у каманды tut.by бадзёры і баявы
Найбуйнейшаму беларускаму парталу tut.by сёння споўнілася 20 гадоў.
У каментары БелаПАН галоўны рэдактар інтэрнэт-рэсурсу Марына Золатава адзначыла, што гэты год для tut.by „зусім не просты”. „У першую чаргу, напэўна, таму, што мы ўпершыню яго адзначаем без [заснавальніка партала] Юрыя Зісера, — сказала яна. — Сыход Юрыя Анатольевіча сёлета быў для нас самай вялікай стратай. Але самае важнае, што tut.by застаўся — гэта самая галоўная спадчына, якую ён пакінуў пасля сябе”.
„Мы будзем далей працягваць яго справу, працаваць над тымі каштоўнасцямі, якія ён у нашай кампаніі ўкараніў: свабоду, сумленнасць, права на памылку. Будзем імкнуцца быць вартымі яго і далей развіваць яго дзецішча”, — падкрэсліла Золатава. Яна дадала, што ў каманды tut.by „настрой, як заўсёды, бадзёры і баявы”.
Гаворачы аб тым, якім будзе далейшае развіццё інтэрнэт-рэсурсу, галоўрэд tut.by адзначыла, што цяпер партал будзе „больш рэагаваць на знешнія выклікі”, бо сітуацыя „патрабуе рэакцыі на тое, што адбываецца проста цяпер”.
„Калі, умоўна, ёсць пытанні па доступе да рэсурсу, як, дапусцім, у нас са жніўня здаралася, то, адпаведна, будзем больш развіваць альтэрнатыўныя пляцоўкі, — растлумачыла яна. — Вядома, будзем далей развіваць відэакірунак, тым больш што два гады ў нас быў выбухны рост: на нашым асноўным канале [у YouTube] у канцы мінулага года ўжо быў мільён падпісчыкаў, на канале „TUT.BY. Палітыка” за некалькі месяцаў — 150 тысяч падпісчыкаў”.
„Будзем думаць над нейкімі інтэрактыўнымі праектамі, якія б залучалі аўдыторыю. І, натуральна, ёсць свае планы ў аддзела продажу па тым, якія новыя паслугі мы будзем прапаноўваць кліентам. Не буду раскрываць дэталі, думаю, што пра гэта мы даведаемся найбліжэйшым часам”, — сказала Золатава.
Паводле інфармацыі партала, у жніўні гэтага года ахоп tut.by складаў 68,62% беларускай інтэрнэт-аўдыторыі, яго старонкі за апошні летні месяц адкрылі амаль 420 мільёнаў разоў. Тэлеграм-канал tut.by налічвае больш за 420 тыс. падпісчыкаў, а яго старонка ў „Інстаграме” tutbylive — больш за 760 тыс.
29 верасня Мінінфарм паведаміў аб прыпыненні з 1 кастрычніка да 30 снежня выпуску сеткавага выдання tut.by на падставе падпісанага ў той жа дзень загада. У міністэрстве адзначылі, што з 7 жніўня па 15 верасня ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” было вынесена чатыры пісьмовыя папярэджанні „ў сувязі з парушэннем пры выпуску сеткавага выдання tut.by арт. 4 і 49 закона аб СМІ”.
Мінінфарм падаў у Эканамічны суд Мінска іск аб спыненні выпуску сеткавага выдання tut.by, які быў прыняты ў вытворчасць 25 верасня. Разгляд прызначаны на 8 кастрычніка. У адпаведнасці з заканадаўствам аб СМІ выпуск сродку масавай інфармацыі можа быць прыпынены на тэрмін да трох месяцаў з моманту выстаўлення адпаведнага судовага іску.
Генеральны дырэктар ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” Людміла Чэкіна ў гутарцы з БелаПАН заявіла, што кампанія абскардзіць папярэджанні, а таксама загад аб прыпыненні выпуску сеткавага выдання. Паводле яе слоў, без статусу СМІ tut.by будзе рабіць упор на працу з матэрыяламі ад карыстальнікаў і матэрыяламі, якія дазваляюць выкарыстоўваць іншыя СМІ.
„Праца інтэрнэт-рэсурсу працягваецца пры гэтым. Думаю, наўрад ці мы пагоршымся, таму што мы працавалі без статусу сеткавага выдання да 2019 года, у нас ёсць дастатковы досвед працы. На жаль, гэта будзе крыху больш складана, але мы спадзяемся, што мы справімся”, — заявіла Чэкіна.
belapan.by