Марына Золатава не будзе абскарджваць вынесены ёй прысуд
Галоўны рэдактар партала tut.by Марына Золатава не будзе абскарджваць прыгавор суда. Пра гэта яна паведаміла БелаПАН.
Паводле слоў Золатавай, яна не бачыць у абскарджанні „вялікага сэнсу”. „Я не веру, што можна дамагчыся апраўдальнага прысуду з улікам статыстыкі, на якую я ўжо шмат разоў спасылалася — усяго 0,2% апраўдальных прысудаў было летась. З улікам таго, што і так ужо патрачана сем месяцаў часу, жыцця і высілкаў, марнаваць час яшчэ на тое, у поспех чаго не веру, я не бачу сэнсу”, — патлумачыла яна.
Золатава адзначыла, што прысуд набывае моц 13 сакавіка, пасля чаго з яе павінны зняць падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах. „Потым у мяне будзе, па-мойму, тыдзень на тое, каб заплаціць штраф. Плюс павінны будуць вярнуць рэчы, якія паводле прыгавору суда пастаноўлена вярнуць”, — сказала галоўны рэдактар tut.by.
4 сакавіка суд Заводскага раёна Менска ў асобе суддзі Аляксандра Петраша прызнаў Марыну Золатаву вінаватай на падставе ч. 2 арт. 425 КК (бяздзейнасць службовай асобы) і пастанавіў аштрафаваць на 300 базавых велічынь (7 тыс. 650 рублёў). Дадаткова з Золатавай будзе спагнана на карысць УП „БелТА” 6 тыс. рублёў — у кошт кампенсацыі юрыдычных выдаткаў.
Марына Золатава прызнаная вінаватай у тым, што не перашкаджала несанкцыянаванаму доступу сваіх падначаленых да платнага кантэнту дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА. Галоўны рэдактар tut.by сваёй віны не прызнала.
Крымінальная справа ў дачыненні да Золатавай і яшчэ 14 рэдактараў і журналістаў недзяржаўных СМІ была распачатая летам 2018 года. Нагодай стаў зварот гендырэктара БелТА Ірыны Акуловіч у праваахоўныя органы з-за збояў, якія нібыта мелі месца пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі. Усе фігуранты справы, за выключэннем Золатавай, абвінавачваліся ў несанкцыянаваным доступе да камп`ютарнай інфармацыі (ч. 2 арт. 349 КК). У лістападзе 2018 года іх вызвалілі ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў у 30 базавых велічынь (735 рублёў) усе фігуранты справы пакрылі выстаўленую шкоду, сумы якой вар`іраваліся ад 3 тысяч да 17 тысяч рублёў.
belapan.by