Золатава прызнала, што з яе ведама незаконна выкарыстоўваліся рэквізіты доступу да падпіскі БелТА



Галоўны рэдактар ТАА „ТутБай Медыя” Марына Золатава прызнала, што з яе ведама на працягу доўгага часу супрацоўнікі кампаніі незаконна выкарыстоўвалі рэквізіты доступу да платнай падпіскі РУП „БелТА”. Пра гэта паведамляе Следчы камітэт Беларусі.

„Дадзеныя звесткі пацвярджаюцца паказаннямі сведкаў, якія праходзяць па справе”, — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні ведамства.

Акрамя таго, заяўляе СК, „з улікам устаноўленых у ходзе расследавання абставінаў, а таксама таго, што Марына Золатава з’яўляецца службовай асобай, яе дзеянні кваліфікаваныя па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (бяздзейнасць службовай асобы)” .

„Улічваючы актыўнае садзейнічанне расследаванню, следчым прынята рашэнне аб непрымяненні меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту ў дачыненні да Марыны Золатавай”, — гаворыцца ў паведамленні.

„Таксама пасля правядзення комплексу неадкладных следчых і іншых працэсуальных дзеянняў па крымінальнай справе следствам прынята рашэнне аб вызваленні Ганны Калтыгінай, Галіны Уласік, Ганны Ермачонак і іншых асоб, якія праходзяць па справе”, — паведамляе СК.

belapan.by

Фота tut.by